Найбуйнейшыя нафтавыя парты Кітая далучыліся да санкцый супраць ценявога флоту Пуціна
2- 7.01.2025, 21:06
- 5,538
Пекін закрывае ключавыя парты на ўсходзе краіны для танкераў, якія ўнесеныя ў санкцыйныя спісы ЗША.
Кітай закрывае ключавыя нафтавыя парты на ўсходзе краіны для танкераў, якія ўнесеныя ў санкцыйныя спісы ЗША, паведамляе Reuters са спасылкай на знаёмых з сітуацыяй трэйдараў.
Са слоў суразмоўцаў агенцтва, пра абмежаванні абвясціла Shandong Port Group - адзін з найбуйнейшых партовых аператараў КНР, пад кіраваннем якога знаходзяцца парты ў правінцыі Шаньдун, куды імпартуюцца асноўныя аб'ёмы падсанкцыйнай нафты з Расеі, Ірана і Венесуэлы.
Згодна з пастановай кампаніі, якія трапілі пад санкцыі "ценявым танкерам" з панядзелка, 6 студзеня, забаронена швартавацца, разгружацца або атрымліваць іншыя партовыя паслугі ў партах правінцыі, якая з'яўляецца адным з галоўных прамысловых цэнтраў КНР і займае трэцяе месца ў краіне ў аб'ёме ВУП.
Летась праз парты правінцыі Шаньдун, дзе размешчана мноства незалежных НПЗ, Кітай закупляў 1740000 барэляў за дзень, або амаль пятую частку ўсяго свайго нафтавага імпарту. Абмежаванні для «ценявых» танкераў закрануць у тым ліку Ціндао — пяты паводле аб'ёму грузаў порт КНР, а таксама порты Жычжао і Яньтай. Гэта можа прывесці да запаволення імпарту Кітаем падсанкцыйнай нафты, гавораць крыніцы Reuters.
Цяпер актыўны ценявы флот, які возіць нафту ў абыход санкцый, налічвае 669 танкераў, ацэньвае аналітык Lloyd's List Intelligence Мішэль Віз Бокман. Расейскія барэлі, паводле яе ацэнак, рэгулярна перавозяць блізу 250-300 суднаў, не ўключаючы танкеры, якія трапілі пад заходнія абмежаванні «Саўкамфлоту».
На канец 2024 года ЗША, Брытанія і Еўразвяз занеслі ў санкцыйныя спісы блізу 180 танкераў, якія транспартавалі нафту расейскага паходжання ў абыход санкцый і з парушэннем «цэнавай столі» ($60 за барэль). З іх больш за 100 танкераў былі вымушаныя ўстаць на якар і больш не возяць барэлі з РФ, падлічыў Bloomberg.
Новым ударам па «ценявым флоце» Крамля могуць стаць «развітальныя» санкцыі адыходзячай адміністрацыі Джо Байдэна, якая, са звестак The Washington Post, плануе ўнесці ў «чорныя спісы» яшчэ блізу сотні суднаў. Акрамя таго, разглядаюцца меры аж да поўнага эмбарга на расейскую нафту, а таксама адкліканне ліцэнзій на ўгоды, звязаныя з нафтагазавым гандлем, якія выдадзены расейскім банкам, якія трапілі пад санкцыі, уключаючы Сбербанк, ВТБ і Альфа-банк.