Forbes: Расея магла страціць 400 вайскоўцаў у адным баі на Куршчыне
- 9.01.2025, 10:48
- 10,144
Вялікія страты нясуць як расейскія, так і паўночнакарэйскія вайскоўцы.
Расейскія акупацыйныя войскі працягваюць спрабаваць выбіць Сілы абароны Украіны з тэрыторыі Курскай вобласці. На днях прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што толькі каля вёскі Махноўкі войска РФ страціла да батальёна пяхоты, у тым ліку паўночнакарэйскіх жаўнераў і расейскіх дэсантнікаў.
Выданне Forbes удакладняе, што Махноўка, якая перайшла пад кантроль Сіл абароны Украіны яшчэ ў жніўні, ужо некалькі дзён з'яўляецца месцам разлютаваных баёў. На відэа, якія цыркулююць у сацыяльных сетках, бачна, як расейскія і паўночнакарэйскія войскі ўваходзяць у сяло і трапляюць пад атаку ўкраінскай пяхоты, танкаў і беспілотнікаў.
Аналітык Эндру Перпетуа, які старанна вывучае сацыяльныя сеткі для падліку страт у расейска-ўкраінскай вайне, пацвердзіў словы Зяленскага.
«Такое адчуванне, што я толькі што ўбачыў, як загінуў цэлы расейскі батальён на адным відэа», - заявіў ён, дадаўшы, што візуальна пацвердзіў 408 страт за адзін дзень.
Адзначаецца, што адрэзак фронту паміж Махноўкай на поўначы і Пляхавым на поўдні - не самы інтэнсіўны адрэзак на Курскай дузе. Але асобныя баі ў Махноўцы і Пляхавым маглі быць больш крывавымі ў параўнанні з іншымі адцінкамі.
Так, 14 снежня 2024 года падчас атакі праз адкрытыя палі, якую вораг ажыццяўляў у тры хвалі, больш за 500 паўночнакарэйскіх пяхотнікаў змаглі выбіць 100 украінскіх вайскоўцаў, якія ўтрымлівалі сяло. Але тады сілы КНДР сталі лёгкай мішэнню для ўкраінскіх беспілотнікаў і артылерыі. Украінскі журналіст Андрэй Цапліенка паведамляў, што страты паўночнакарэйскага кантынгенту (забітымі і параненымі) маглі складаць больш за палову сіл, задзейнічаных у атацы.
«Расейская атака на Махноўку ў мінулыя выходныя магла быць яшчэ даражэйшай і менш паспяховай. Мала таго, што Махноўка ўсё яшчэ знаходзіцца ў шэрай зоне, ёсць некаторыя довады таго, што ўкраінскія войскі - магчыма, з 61-й механізаванай брыгады, 36-га асобнага стралковага батальёна або даданых тэрытарыяльных брыгад - фактычна прасунуліся на невялікую адлегласць прыкладна ў той жа час, калі амаль 400 расейцаў ляжалі забітымі ці параненымі на той жа мясцовасці», - гаворыцца ў матэрыяле.
Вялікія страты, якія нясуць як расейскія, так і паўночнакарэйскія вайскоўцы, пачынаюць адбівацца на двухмесячным наступе РФ на Курскай дузе. Украінскі Цэнтр абаронных стратэгій акцэнтуе, што баявыя дзеянні на тэрыторыі вобласці актывізаваліся да максімальнага ўзроўню. Гэта прымушае варожую групоўку марнаваць усе наяўныя рэсурсы, прычым у вельмі нязручны і нявыгадны для расейцаў час.
«Калі інтэнсіўныя баі будуць працягвацца яшчэ 5-10 дзён, расейская групоўка будзе мець патрэбу ў хуткім папаўненні, бо яна ўжо нясе значныя страты ў сустрэчных баях. Такое папаўненне можа быць адбытае толькі за кошт перакідкі сіл з іншых адрэзкаў фронту», - кажуць у Цэнтры абаронных стратэгій.