«У Курскай вобласці УСУ ўдарылі па слабым месцы расейцаў»
2- 9.01.2025, 16:43
- 4,794
Украінскі афіцэр расказаў пра ўдалы наступ.
Ветэран расейска-ўкраінскай вайны, маёр запасу Аляксей Гецьман расказаў у эфіры Radio NV, як у РФ рэагуюць на актывізацыю УСУ на Курскім кірунку.
«Для іх, акрамя вайсковага складніку, вельмі магутны палітычны складнік на Куршчыне. Мы ж бачым, як нервуецца кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі. [Расейскі дыктатар Уладзімір] Пуцін даваў распараджэнне, загад вызваліць [Курскую вобласць] да 7 студзеня, потым да 20 студзеня. Цяпер увогуле не зразумела, якія яны ставяць дэдлайны. Для іх гэта вельмі небяспечная сітуацыя», – пракаментаваў Гецьман.
Ён адзначыў, што нягледзячы на ўсё, вораг будзе спрабаваць выціснуць нашы войскі з гэтай тэрыторыі, для чаго, верагодна, задзейнічае дадатковыя сілы:
«Але ці ўдасца гэта ў іх, ці не… Спадзяюся, што не ўдасца. Раз мы можам рабіць контрнаступальныя дзеянні, гэта значыць, што не ўсё так добра ў [расейцаў] на Куршчыне. Гэта слабое месца расейскай абароны па ўсёй лініі фронту, таму мы атакуем там, дзе самая слабая пазіцыя ў расейцаў. <...> Я думаю, што на Куршчыне ім не ўдасца выціснуць нашы войскі, да гэтага ж не ўдавалася і надалей не думаю, што ім гэта ўдасца».
Гецьман растлумачыў, чаму менавіта гэты кірунак аказаўся для расейцаў слабым, чым скарысталіся ўкраінскія войскі:
«Яны не будавалі там фартыфікацый, нейкія пазіцыі для абароны – тое, што яны робяць на тэрыторыі Украіны. Яны калі недзе наступаюць, адразу ззаду (гэта такая ваенная тактыка) будуюць фартыфікацыі, каб у выпадку нашых контрудараў было куды адыходзіць і трымаць абарону. <...> А вось на Куршчыне яны гэтага не рабілі, не капалі там акопы, таму нам прасцей было там рабіць наступальныя дзеянні. І я думаю, што надалей яны наўрад ці нешта змогуць істотнае зрабіць, пачнуць увогуле рабіць нейкія сур'ёзныя фартыфікацыі, таму ў нас там вельмі вялікая прастора для манеўру».
Гецьман дадаў, што падобныя аперацыі УСУ могуць рабіць не толькі на Куршчыне, але і ў суседніх абласцях РФ.