Хто ў Беларусі павінен збіраць дакументы на пенсію – супрацоўнік або наймальнік?
14- 9.01.2025, 17:16
- 11,660
У Мінпрацы растлумачылі.
Кіраўніца галоўнай управы пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алена Гомарава патлумачыла, хто павінен збіраць неабходныя дакументы для прызначэння пенсіі. Паводле ейных словаў, уся адказнасць за гэта ляжыць на працадаўцы, які абавязаны паклапаціцца пра сваіх супрацоўнікаў.
Спецыялістка адзначыла: калі чалавек збіраецца пайсці на пенсію, то, згодна з дзейным заканадаўствам, наймальнік павінен своечасова падаць усе неабходныя для гэтага дакументы. Пры гэтым важна, каб працадаўца:
высветліў, ці патрэбны запыт папераў пра заробак за перыяд да 1 студзеня 2003 года,
праверыў карэктнасць унясення запісу ў працоўнай кніжцы,
высветліў, ці няма неабходнасці запытваць дадатковыя дакументы пра стаж.
«Разам з тым і сам пенсіянер можа самастойна запытаць адпаведныя дакументы, неабходныя для прызначэння пенсіі. Але працадаўца нясе адказнасць за своечасовасць выдачы дакументаў», – падагульніла спецыялістка.
Ад чаго залежыць памер пенсіі?
Раней кіраўніца галоўнай управы пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацабароны Алена Гомарава ў эфіры беларускай тэлевізіі нагадала, ад чаго залежыць памер пенсій у нашай краіне. Паводле ейных словаў, на велічыню штомесячных выплатаў уплываюць два асноўныя чыннікі.
Размова ідзе пра даўжыню стажу і памер заробку, з якога працадаўца выплачваў страхавыя ўнёскі. Адпаведна, калі беларус «назбіраў» афіцыйныя 30 гадоў стажу, то ягоная пенсія будзе вышэйшай, чым у таго, хто, напрыклад, працаваў цягам 25 гадоў жыцця. Да таго ж чым большы заробак, тым большая і пенсія, патлумачылі ў Мінпрацы.
«Не залежыць памер пенсіі ад месца жыцця, не залежыць ад выкананай працы, а залежыць ад вышэйзгаданых параметраў. Больш працуем – больш атрымліваем заробку і больш высокую пенсію», – нагадала Алена Гомарава.
Колькі стажу трэба назбіраць?
Нагадаем, страхавы стаж – гэта перыяд, калі з заробку чалавека робяцца сталыя адлічэнні ў ФСАН. У 2021 годзе ён складаў 18 гадоў, аднак пасля ўлады Беларусі пастанавілі яго павялічыць. Штогод стаж павялічваецца на 6 месяцаў, пакуль у 2025 годзе не дасягне 20 гадоў. Менавіта гэтыя 20 гадоў адлічэнняў і патрэбныя для таго, каб атрымліваць пенсію.
Што не ўваходзіць у страхавы стаж?
Раней у Мінпрацы расказалі, што ў страхавы стаж уключаюцца перыяды працы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці, цягам якіх рабіліся ўнёскі ў ФСАН. А вось што не ўваходзіць у яго:
перыяд вайсковай службы (за выключэннем тэрміновай вайсковай службы пасля 1 студзеня 2020 года),
навучанне на дзённым аддзяленні ўстановы адукацыі,
догляд дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў, інвалідаў І групы і грамадзянаў, якія дасягнулі 80 гадоў,
перыяд атрымання дапамогі ў беспрацоўі.
У той самы час, паводле інфармацыі Мінпрацы, гэтыя перыяды ўлічваюцца пры вызначэнні агульнага стажу, паводле якога таксама вылічваецца памер пенсіі (мінімум для мужчынаў – 25 гадоў, для жанчынаў – 20 гадоў). Пры гэтым максімальна залічаць 40 гадоў для жанчынаў і 45 гадоў для мужчынаў.