Atlantic Council: Мара Пуціна ператварылася ў яго найгоршы кашмар
1- 1.10.2025, 12:53
- 8,474
Сёння НАТА імкнецца прыняць украінскія стандарты.
На гэтым тыдні ўкраінскія ваенныя прыбылі ў Данію, каб расказаць пра свой досвед вядзення баявых дзеянняў з дапамогай дронаў. Гэты крок стаў следствам інцыдэнтаў над дацкімі аэрапортамі і іншымі стратэгічнымі аб’ектамі, якія звязваюць з дронамі, якія магла запускаць Расія. Аднак Данія — не адзіная краіна НАТА, якая хоча пераняць досвед Украіны. Пра гэта піша рэдактар службы UkraineAlert Пітэр Дыкінсан для Atlantic Council.
Паводле слоў аўтара матэрыялу, Украіну ўсё часцей прызнаюць сусветным лідарам у распрацоўцы тэхналогій беспілотнікаў.
«Краіна можа пахваліцца айчыннай індустрыяй беспілотнікаў, якая імкліва развіваецца і атрымала магутны імпульс з-за больш чым трохгадовай поўнамаштабнай вайны з Расіяй. Гэта стварыла спрыяльны клімат для нястомных інавацый і дазволіла штодня выпрабоўваць новыя канструкцыі беспілотнікаў у баявых умовах», — адзначыў Дыкінсан.
Як дадаў журналіст, вынікі такога развіцця гавораць самі за сябе. У прыватнасці, украінскія дроны вызначыліся падчас бітвы за Чорнае мора. А цяпер далёка за межамі Украіны беспілотнікі рэгулярна наносяць удары па мэтах углыб тэрыторыі РФ.
Таму многія краіны-партнёры імкнуцца ўключыць украінскія тэхналогіі БПЛА ў свае абаронныя дактрыны. Вялікабрытанія нядаўна пацвердзіла, што пачне масавую вытворчасць дронаў, якія будуць распрацаваныя ў супрацоўніцтве з Украінай.
«Растучая рэпутацыя Украіны як ключавога гульца ў сферы беспілотнай вайны адлюстроўвае драматычныя змены, якія цяпер адбываюцца ў архітэктуры бяспекі Еўропы. Яшчэ зусім нядаўна Украіну разглядалі як нязначную ваенную сілу, якая спрабуе прыняць стандарты НАТА. Прыкметна, што цяпер менавіта НАТА імкнецца прыняць украінскія стандарты», — падкрэсліў аўтар публікацыі.
Паводле журналіста, з’яўленне Украіны як звышдзяржавы ў тэхналогіях дронаў — адзін з аспектаў нядаўняй трансфармацыі краіны ў магутную ваенную сілу. Акрамя таго, украінская армія з’яўляецца лідарам інавацый у сектарах абаронных тэхналогій, сярод якіх электронная вайна, робататэхнічныя сістэмы і кібербяспека.
«Сёння Украіна можа пахваліцца другой па велічыні арміяй у Еўропе, якая налічвае амаль мільён мужчын і жанчын у форме і вялікі рэзерв загартаваных у баях ветэранаў. Гэта зацяняе ўсё астатняе на кантыненце, нават без уліку беспрэцэдэнтнага досведу Украіны ў сучаснай вайне. У сувязі з тым, што ЗША імкнуцца змяншаць сваю ролю ў еўрапейскай бяспецы, украінскія ўзброеныя сілы цяпер з’яўляюцца найвялікшай перашкодай паміж экспансіянісцкай Расіяй і непадрыхтаванай Еўропай», — лічыць Дыкінсан.
Таму, паводле слоў аўтара матэрыялу, новы статус Украіны як адной з вядучых ваенных дзяржаў Еўропы з’яўляецца найгоршым кашмарам для расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.
«Гэта кашмар, які ён сам сабе стварыў. Насамрэч гэтая ваенная метамарфоза была б немагчымая без імпульсу расійскай імперскай агрэсіі», — дадаў рэдактар.
Аглядач выдання нагадаў, што калі Пуцін пачаў уварванне ва Украіну ў 2014 годзе, Украіна мела ўсяго некалькі тысяч баяздольных ваенных.
«Спачатку ўсё ішло паводле плана Масквы, і ўкраінскі супраціў захопу Крыму быў мінімальным. Аднак спробы Расіі прасунуцца далей углыб Украіны выклікалі хвалю народнага супраціву: тысячы звычайных украінцаў сфармавалі імправізаваныя добраахвотніцкія батальёны, каб спыніць наступ Крамля. Гэта эпічная рэакцыя народа ўратавала Украіну і заклала падмурак для далейшага пашырэння і мадэрнізацыі ўкраінскай арміі», — лічыць Дыкінсан.
Аднак з-за таго, што расійскія акупанты працягваюць наступ, а варожыя дроны і ракеты атакуюць украінскія гарады, яшчэ рана казаць, што ўварванне прэзідэнта РФ з’яўляецца правалам, адзначыў аглядальнік Atlantic Council.
«Аднак ужо цяпер цяжка ўявіць любы вынік, які пакінуў бы Украіну безабароннай і на міласці Масквы. Затое ўкраінская армія, верагодна, выйдзе з вайны мацнейшай, чым калі-небудзь, і цалкам здольнай абараняць месца краіны ў еўрапейскай супольнасці нацый. Пуцін спадзяваўся раззброіць і абязгаловіць украінскую дзяржаву, але ягоная самаразбуральная кампанія па дэмілитарызацыі міжволі стварыла моцную і незалежную Украіну, якой ён баяўся больш за ўсё», — падсумаваў рэдактар.