ISW: Лукашэнка можа рыхтаваць дыверсіі супраць Польшчы
5- 1.10.2025, 13:12
- 10,094
Каб абвінаваціць Украіну.
Расія і рэжым Лукашэнкі могуць рыхтаваць дыверсіі ў Польшчы і планаваць ускласці віну на Украіну. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) за 30 верасня.
Як адзначылі ў ISW, 30 верасня Служба знешняй разведкі Расіі беспадстаўна заявіла, што Украіна нібыта рыхтуецца да нападу пад чужым сцягам супраць крытычнай польскай інфраструктуры, каб абвінаваціць Расію і Беларусь.
Паводле версіі расіян, Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны (ГУР) разам з польскай разведкай накіруе ў Польшчу дыверсійна-разведвальную групу, у склад якой увайдуць грамадзяне Расіі і Беларусі з легіёна «Свабода Расіі» і палка Кастуся Каліноўскага. Там, як сцвярджаецца, Украіна можа адначасова правесці «атаку» на крытычна важныя аб’екты.
Разведка РФ сцвярджае, што пасля гэтага захопленыя польскімі сіламі бяспекі дыверсанты будуць прадстаўленыя як расійскія і беларускія спецназаўцы на прэс-канферэнцыі.
На думку аналітыкаў ISW, публікацыя такой заявы магла быць ініцыяваная Крэмлём, каб загадзя зняць з сябе адказнасць за магчымыя будучыя дыверсійныя аперацыі Расіі і Беларусі супраць Польшчы.
Інстытут адзначае, што Крэмль часта выкарыстоўвае Службу знешняй разведкі для распаўсюджвання неабгрунтаваных сцвярджэнняў пра падрыхтоўку нападаў у рамках дэзінфармацыйных кампаній, закліканых аслабіць падтрымку Украіны і пасеяць сумневы адносна характару правакацый Расіі супраць дзяржаў — чальцоў НАТА.