G7 гатоўваецца ўзмацніць санкцыйны ціск на Расію
- 1.10.2025, 15:52
- 2,788
Сталі вядомыя падрабязнасці.
«Вялікая сямёрка» набліжаецца да пагаднення аб «значным узмацненні» антырасійскіх санкцый з-за нежадання Расіі спыніць вайну супраць Украіны, паведамляе Bloomberg.
Агенцтва азнаёмілася з праектам заявы, якая павінна прагучаць падчас сустрэчы міністраў фінансаў G7. Яно адзначыла, што ключавыя палажэнні могуць змяніцца да падпісання дакумента ўсімі краінамі.
«Мы згодныя з неабходнасцю дзейнічаць разам і лічым, што цяпер прыйшоў час для значнага скаардынаванага ўзмацнення мер, каб падтрымаць устойлівасць Украіны і крытычна аслабіць здольнасць Расіі весці вайну», — гаворыцца ў праекце.
Згодна з бягучым дакументам, «Вялікая сямёрка» працуе над шэрагам варыянтаў, сярод якіх новыя меры ў дачыненні да ключавых сектараў эканомікі РФ, такіх як энергетыка, фінансы і ваенная прамысловасць. Акрамя таго, яны накіраваныя супраць краін і арганізацый, якія дапамагаюць Маскве ў вайне і абыходзе існуючых санкцый.
«Мы пагадзіліся, што цяпер настаў час максімальна ўзмацніць ціск на экспарт расійскай нафты, які з’яўляецца асноўнай крыніцай даходаў Расіі», — сказана ў заяве.
Гэта сведчыць аб магчымасці ўвядзення новых санкцый супраць нафтавых гігантаў РФ, а таксама «ценявога флоту» і гандлю энерганосьбітамі.
Праект заявы прадугледжвае абмеркаванне міністрамі фінансаў краін «Вялікай сямёркі» фінансавых патрэб Украіны. Ідзе гаворка пра каардынацыю мер па далейшым выкарыстанні замарожаных актываў краіны-агрэсара.
ЕС працуе над новым пакетам санкцый, які будзе прадугледжваць забарону звадкаванага прыроднага газу РФ да 2027 года. Таксама плануецца ўвядзенне дадатковых абмежаванняў для расійскіх энергетычных і фінансавых сектараў.
Крыніцы агенцтва паведамілі, што як ЕС, так і G7 плануюць завяршыць працу над санкцыйнымі пакетамі ў гэтым месяцы.