Макрон заявіў пра працу над абнаўленнем ядзернай дактрыны Францыі
8- 1.10.2025, 18:33
- 2,010
Французскі прэзідэнт адзначыў, што ў краіне доўгі час «недаацэньвалі Расію».
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што працуе над абнаўленнем ядзернай дактрыны краіны. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю нямецкай газеце FAZ
«Французскі ядзерны парасон існуе. Цяпер я працую над абнаўленнем нашай дактрыны і хацеў бы працягваць паглыбленне нашага стратэгічнага дыялогу з еўрапейцамі, якія гэтага жадаюць», — сказаў ён.
Макрон дадаў, што на пачатку 2026 года ён выступіць з прамовай пра ядзерную дактрыну.
Таксама ён заявіў, што ў Францыі доўгі час «недаацэньвалі Расію». «Так, Расія эканамічна значна слабейшая за Еўропу, яе насельніцтва скарачаецца, а прамысловасць не інавацыйная. Аднак яна вырабляе значна больш зброі і значна хутчэй. Мы недаацанілі пагрозу. Мы больш не пераходзім ад міру да вайны за адно імгненне. Мы знаходзімся ў стане пастаяннай канфрантацыі», — адзначыў Макрон.
Паводле яго слоў, «Расія з’яўляецца найвялікшай структурнай пагрозай для еўрапейцаў». Ён нагадаў, што вядзецца праца над прыняццем 19-га пакета санкцый, якія дзейнічаюць «значна лепш, чым кажуць».
У сакавіку Макрон заявіў, што Францыя разгледзіць магчымасць абароны еўрапейскіх саюзнікаў з дапамогай свайго ядзернага арсеналу. Ён прапанаваў распаўсюдзіць французскі «ядзерны парасон» на саюзніцкія дзяржавы — фактычна стварыць альтэрнатыву амерыканскаму ядзернаму шчыту. У сувязі з гэтым Францыя паскорыла мадэрнізацыю адной са сваіх галоўных авіябаз Люксей-Сен-Совер для размяшчэння там ядзернай зброі. Да 2035 года на ёй будуць дыслакавацца найноўшыя знішчальнікі F5 Rafale, а таксама гіпергукавыя ракеты ASN4G з ядзерным зарадам.
Гэта база знаходзіцца менш як за 200 км ад мяжы з Германіяй. Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц падтрымаў прапанову Францыі аб правядзенні перамоў аб перакідцы французскай ядзернай зброі ў еўрапейскія краіны.