Германія перадасць Украіне зброю на 2 млрд еўра
2- 15.10.2025, 18:42
- 3,340
IRIS-T, ракеты для Patriot і не толькі.
Германія прадаставіць Украіне новую ваенную дапамогу больш як на 2 млрд еўра. Яна накіраваная на ўмацаванне ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.
Пра гэта заявіў міністр абароны Германіі Борыс Пісторыус, паведамляе Der Standard.
Пісторыус падчас сустрэчы ў фармаце «Рамштайн» у Бруселі адзначыў, што Украіна, у прыватнасці, атрымае пакет ваеннай дапамогі коштам каля 500 млн долараў. У яго ўваходзяць ракеты для сістэм СПА Patriot, радыёлакацыйныя сістэмы, а таксама артылерыйскія боепрыпасы з высокадакладным навядзеннем.
Таксама Германія прадаставіць Украіне дзве сістэмы IRIS-T з вялікай колькасцю кіраваных ракет. Чакаюцца пастаўкі супрацьтанкавай зброі, сродкаў сувязі і сучаснага стралковага ўзбраення.
«Цяперашнія падзеі на полі бою ва Украіне павінны ўмацаваць нашу рашучасць працягваць падтрымку Украіны», — адзначыў міністр.
Паводле яго слоў, Расія не праяўляе жадання заканчваць вайну супраць Украіны і спрабуе хаваць свае няўдачы за кошт удараў па мірных украінскіх гарадах. У той жа час Узброеныя Сілы Украіны істотна запавольваюць прасоўванне салдат РФ.
Пісторыус удакладніў, што, паводле нямецкіх ацэнак, з пачатку года Расія страціла каля 300 тысяч салдат.