Пакістан і Афганістан дамовіліся аб спыненні агню
4- 19.10.2025, 8:14
- 2,116
Што вядома.
Пакістан і Афганістан дамовіліся аб неадкладным спыненні агню падчас перамоў у Досе.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на МЗС Катара ў сацсетцы X.
«У ходзе перамоваў абодва бакі дамовіліся аб неадкладным спыненні агню і стварэнні механізмаў для ўмацавання трывалага міру і стабільнасці паміж дзвюма краінамі», — гаворыцца ў заяве МЗС Катара.
Пагадненне падпісалі міністры абароны Афганістана і Пакістана, а таксама прадстаўнікі Катара і Турцыі.
Бакі дамовіліся правесці наступныя сустрэчы ў бліжэйшыя дні для захавання і поўнага выканання рэжыму спынення агню.
Пакістан 15 кастрычніка ўжо абвяшчаў пра дамоўленасць з Афганістанам аб часовым спыненні агню на наступныя 48 гадзін на фоне ўзнікнення баявых дзеянняў на мяжы.
У ведамстве МЗС Пакістана адзначалі, што на працягу гэтага перыяду абодва бакі «будуць прыкладаць шчырыя намаганні, каб знайсці пазітыўнае рашэнне гэтага складанага, але вырашальнага пытання шляхам канструктыўнага дыялогу».
Тэрмін дзеяння пагаднення скончыўся а 18:00 (16:00 па Мінску — рэд.) 17 кастрычніка.
Баі паміж Афганістанам і Пакістанам успыхнулі на мяжы 15 кастрычніка. Яны сталі самымі жорсткімі з часу захопу ўлады ў Кабуле талібамі ў 2021 годзе.
Паведамлялася пра гібель больш за дзесятак мірных жыхароў і вайскоўцаў.