Перамога Украіны — гэта наш шанец змяніць лад у Беларусі
2- 19.10.2025, 8:28
- 3,928
Як беларускія добраахвотнікі ваююць у Харкаўскай вобласці.
«Хартія» —13-я брыгада Нацыянальнай гвардыі Украіны зняла фільм, прысвечаны замежным добраахвотнікам, якія загінулі за Украіну. Галоўныя героі рэпартажу — беларусы, якія ваююць на поўнач ад Харкава ў мінамётным разліку.
«Расіяне бесперапынна абстрэльваюць пазіцыю артылерыяй, скідваюць FPV і дыстанцыйна замініруюць самаробнымі выбухоўкамі. Нягледзячы на ўсё, мінамётчыкі з Беларусі ўпарта ідуць да сваёй мэты — перамагчы Расію», — гаворыцца ў анонсе фільма.

Добраахвотнік з пазыўным «Месяц» распавёў, што яго арыштавалі за бел-чырвона-белую футболку на 30 сутак. У гэтай футболцы ён выйшаў на Дзень Волі.
Хлопец прыехаў ва Украіну напрыканцы 2022 года, у брыгадзе ён карэктуе мінамёты.
Жонка «Месяца» — валанцёрка, дапамагае Міжнароднаму легіёну. Яна кітайка.
— У Беларусі вельмі лёгка апынуцца ў турме па крымінальным артыкуле, — распавёў хлопец. — Маму майго добрага сябра арыштавалі на паўтара года за дызлайк у інтэрнэце, на YouTube.
У Беларусі арыштоўвалі беларусаў за беларускую мову. Бо лічыцца, што па-беларуску размаўляюць пераважна апазіцыянеры.

Добраахвотнік з пазыўным «Каралуг» прызнаецца, што вярнуцца на радзіму не можа: «Гэта будзе гадоў 20 у плечы ў турму як мінімум».
— У 2021 годзе лёс прымусіў пакінуць радзіму. Асноўная прычына — тое, што можна было пазнаёміцца з праваахоўнай сістэмай Беларусі знутры, — кажа мужчына.
Калі пачалася вайна ва Украіне, ён зразумеў, што адзіная магчымасць вярнуцца дадому і змяніць уладу на радзіме — адстойваць незалежнасць Украіны.
— Таму я і змагаюся тут за вашу і нашу свабоду, як бы банальна гэта ні гучала.

Добраахвотнік з пазыўным «Річ» распавёў, што прыехаў ва Украіну ў 2020 годзе, уцякаў ад улады. На той момант яму было 15 гадоў.
— Для мяне любы беларус тут — па сутнасці, свой брат, сястра. Абараняць іх — мой абавязак.
Хлопец не разглядае вяртанне ў Беларусь.
— Не хачу звязваць сваё жыццё з гэтай краінай. Яна зрабіла для мяне занадта шмат дрэннага, і, магчыма, я ніколі туды не вярнуся.
Свабода для яго — гэта магчымасць выбіраць свой шлях. Свабодным сябе ён не лічыць, бо цяпер у яго выбар без выбару: альбо забі, альбо будзеш забіты.
Тое, што ён быў дзіцём, калі пакінуў Беларусь, «Річ» тлумачыць:
— Такі рэжым не зважае на ўзрост, на палавую прыналежнасць, расу ці што-небудзь яшчэ. Ён лічыцца толькі з лаяльнасцю.

— Беларусы, якія тут знаходзяцца, — актыўныя людзі, якія нешта хочуць змяніць у гэтым свеце, — лічыць добраахвотнік з пазыўным «Сварог». — Я хачу перамогі Украіны, і ў прынцыпе гэта быў бы і наш шанец змяніць той лад, што існуе ў Беларусі.