Стала вядома, хто рыхтуе сустрэчу Трампа з Пуціным у Будапешце
5- 19.10.2025, 13:07
- 12,178
Гэтую навіну станоўча ўспрынялі ў Кіеве.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа рыхтуе новы раўнд перамоваў з Крэмлём. Дзяржаўны сакратар ЗША Марк Рубіо узначаліць падрыхтоўку будучага Будапешцкага саміту паміж Трампам і крамлёўскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным.
Гэтую навіну станоўча ўспрынялі ў Кіеве, бо Рубіо вядомы сваёй жорсткай пазіцыяй у дачыненні да Масквы. Пра гэта паведамляе The Washington Post.
Што вядома пра саміт у Будапешце
«Дзяржаўны сакратар Марк Рубіо з’яўляецца высокапастаўленым чыноўнікам адміністрацыі, адказным за падрыхтоўку будучага Будапешцкага саміту з Пуціным, які Кіеў сустрэў адабрэннем», — гаворыцца ў паведамленні.
У адрозненне ад спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Стыва Уіткофа, які арганізоўваў сустрэчу Трампа і Пуціна на Алясцы, Рубіо не дэманструе ніякіх сімпатый да Крэмля. Сам Уіткоф неаднаразова праяўляў празмерную «гнуткасць» у перамовах з расіянамі — аж да таго, што падчас візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага у Белы дом ціснуў на ўкраінскую дэлегацыю, патрабуючы «уступіць» Расіі Данецкую вобласць.
Уіткоф тлумачыў сваю пазіцыю тым, што рэгіён «пераважна рускамоўны», фактычна паўтараючы крамлёўскія тэзісы. Такія заявы выклікалі абурэнне сярод украінскіх дыпламатаў і занепакоенасць у Вашынгтоне.
Затое Рубіо займае жорсткую, прынцыповую пазіцыю. Падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым у кулуарах Генасамблеі ААН у верасні ён выразна паўтарыў патрабаванне амерыканскага прэзідэнта — спыніць забойствы і зрабіць рэальныя крокі для дасягнення доўгатэрміновага міру.
Раней, выступаючы на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН, Рубіо падкрэсліў, што вайна Расіі супраць Украіны з’яўляецца адным з самых складаных выклікаў сучаснасці. Ён заявіў, што цярпенне прэзідэнта Трампа мае межы, і ЗША гатовыя ўводзіць новыя санкцыі, калі Масква працягне агрэсію.
Да таго ж у Дзень Незалежнасці Украіны Рубіо звярнуўся да ўкраінскага народа, пацвердзіўшы адданасць Злучаных Штатаў будучыні Украіны як незалежнай дзяржавы.
Таму, у адрозненне ад папярэдніх спробаў «замірэння» з Крэмлём, Будапешцкі саміт, які арганізуе Марк Рубіо, можа стаць першай спробай Вашынгтона весці дыялог з Расіяй без уступак за кошт Украіны.