Палітыка Меркель пацярпела крах
14- Дзмітрый Страціеўскі
- 19.10.2025, 17:30
- 7,956
З-за сваёй першапачатковай памылковасці.
Шматгадовая федэральная канцлерка ФРГ Ангела Меркель у інтэрв’ю венгерскаму апазіцыйнаму парталу Partizan заявіла пра існаванне ў 2021 годзе пэўнай нямецкай прапановы аб стварэнні новага перамоўнага фармату з Расіяй — з мэтай пазбегнуць далейшай эскалацыі. Гэтую ідэю, скардзіцца Меркель, адхілілі краіны Балтыі і Польшча і яна не была ўвасобленая ў жыццё.
Інтэрв’ю хутка набрала паўмільёна праглядаў і выклікала вострую рэакцыю як у самой Германіі, так і за яе межамі.
Што менавіта сказала Меркель і як інтэрпрэтавалі яе выказванні нямецкія СМІ і замежныя палітыкі? Ці можна ўсур’ёз разглядаць поспех магчымага перамоўнага працэсу напрыканцы 2021 года і гіпатэтычныя шанцы прадухілення шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну?
Словы і інтэрпрэтацыя
Цяжка дакладна вызначыць, што падштурхнула Меркель, якая займала пасаду кіраўніцы ўрада Германіі на працягу 16 гадоў, даць інтэрв’ю замежнаму ютуб-каналу з менш як 600 тысячамі падпісчыкаў і з не самай уплывовай краіны ЕС. Пасля сыходу з палітыкі Меркель увогуле рэдка размаўляла са СМІ. За мінулыя непоўныя тры гады колькасць інтэрв’ю наўрад ці дасягнула дзясятка, а яе суразмоўцамі былі журналісты ўплывовых нямецкіх (ZDF і Spiegel) і сусветных (El Pais і CBS) медыя.
Тлумачэнні, што распаўсюдзіліся ў ФРГ (нібыта яна вырашыла зрабіць рэкламу сваёй новай кнізе «Свабода», а таксама адрэагаваць на ўзмацненне крытыкі яе знешнепалітычнага курса), наўрад ці можна лічыць карэктнымі. Будучы ў недалёкім мінулым адной з самых уплывовых палітыкаў свету, яна, без сумневу, магла б выбраць для заяў практычна любую медыйную пляцоўку. Магчыма, інтэрв’ю менавіта Partizan было выклікана жаданнем Меркель падтрымаць найбуйнейшы апазіцыйны партал Венгрыі, які сістэматычна крытыкуе ўрад Віктара Орбана, пагутарыць з папулярным журналістам Марціном Гуйашам і крыху «памякчыць» свой вобраз выступленнем на інтэрнэт-канале, разлічаным на праеўрапейскую маладую аўдыторыю і прадстаўнікоў сярэдняга ўзросту.
Палітра тэм, закранутых Меркель, шырокая — ад працы Еўрасаюза да дапамогі сірыйскім бежанцам і правага экстрэмізму, але ў цэнтры грамадскай увагі апынуліся яе словы пра сітуацыю перад шырокамаштабным уварваннем расійскай арміі ва Украіну. Даслоўна Меркель заявіла, што ў чэрвені 2021 года ў яе ўзнікла адчуванне, што Пуцін не ўспрымае сур’ёзна Мінскія пагадненні. Яна вырашыла прапанаваць «новы перамоўны фармат», у якім «Еўрапейскі саюз размаўляў бы з Пуціным напрамую». Ідэю не падтрымалі дзяржавы Балтыі і Польшча — яны «баяліся адсутнасці нашай агульнай палітыкі адносна Пуціна».
Ідэя новага фармату не была ўвасоблена. Меркель пакінула пасаду канцлеркі — і неўзабаве, як яна кажа, «Пуцін распачаў агрэсію».
Цяпер Меркель крытыкуе Мінскія пагадненні, лічыць іх недасканалымі, але адначасова прызнае іх карысць — Украіна выйграла час («яна змагла назапасіць сілы і стаць іншай краінай»), робіць акцэнт на негатыўнай ролі пандэміі (адсутнасць магчымасці кантактаў з Пуціным) і вызначае задачу Еўропы ў гэтай вайне: Расія не павінна яе выйграць, Украіна павінна застацца «вольнай дзяржавай».
Гэты фрагмент размовы выклікаў сапраўдную буру абурэння ў Еўропе. Найбуйнейшы нямецкі таблоід Bild выйшаў з загалоўкам «Меркель заявіла пра частковую адказнасць Польшчы за вайну Пуціна». Аўтарытэтныя СМІ ФРГ, такія як Die Welt, Frankfurter Allgemeine Zeitung і Süddeutsche Zeitung, не давалі настолькі рэзкіх ацэнак, але ўказалі на непадрыхтаванасць Меркель прызнаць асабістую адказнасць за памылкі на «расійскім вектары», запознеласць яе парад, а таксама свядомае прыніжэнне ўласнай ролі і перабольшанне ролі краін Балтыі і Польшчы ў палітычных працэсах, што папярэднічалі агрэсіі.
Менавіта з гэтых дзяржаў прадказальна прагучалі яшчэ больш жорсткія галасы. Былыя і дзейныя прэм’ер-міністры і міністры замежных спраў не стрымліваліся. Меркель узгадалі дамінаванне Германіі і праект газаправода «Паўночны паток-2», назвалі пазіцыю Меркель «няслыханай», а, мабыць, найбольш дыпламатычным было здзіўленне, што «Меркель дагэтуль так думае» — у дачыненні да магчымасці спыніць пуцінскую агрэсію метадам перамоў.
У арыгінале запісу Меркель гаворыць па-нямецку, закадравы тэкст — па-вугорску, ёсць і англійскія субтытры. Гэта дазваляе шырокаму колу назіральнікаў пазнаёміцца з яе словамі ў арыгінале. Меркель не казала пра «віну» Польшчы і краін Балтыі. З усіх значных каментатараў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы хіба што былы пасол Польшчы ў ЗША Марэк Магераўскі канстатаваў: Меркель усё ж такі не заяўляла пра сумесную адказнасць ягонай краіны і Расіі за новы этап расійска-ўкраінскай вайны, які пачаўся ў 2022 годзе.
Сапраўды, Меркель толькі распавяла пра прапанову, якая не знайшла водгуку ў шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў і таму была знятая з парадку дня.
Але інтэрв’ю наўрад ці можна назваць удалым. Меркель дазволіла сабе двухсэнсавыя заявы, разумеючы, як іх будуць тлумачыць у краінах усходней Одэра і якое прапагандысцкае зброю яна дае ў рукі Крэмлю. Меркель паспяшалася зняць з сябе любую адказнасць за ўласныя дзеянні, палітыку «замірэння Пуціна», ад стаўкі на рэалізацыю праекта «Паўночны паток-2», які тады пазбег санкцый ЗША толькі пасля стамляльных перамоваў з Дональдам Трампам, да бясконцага «бяспека ў Еўропе магчымая толькі з прыцягненнем Расіі» і адносна мяккіх санкцый пасля анексіі Крыму і пачатку баявых дзеянняў на Данбасе. Фактычна інтэрв’ю гучыць як прызнанне ўласнай праваты, а вайна стала магчымай нібыта толькі дзякуючы тым абставінам, на якія Меркель не магла мець уплыву: пандэмія і падзеі пасля яе сыходу з палітыкі. У гэтым яна нявыгадна адрозніваецца, напрыклад, ад федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера, які на пасадзе міністра замежных спраў быў непасрэдным удзельнікам Мінскага працэсу і знайшоў у сабе сілы публічна прызнаць памылковасць палітыкі Германіі ў дачыненні да Расіі ў апошнія дзесяцігоддзі, уключаючы і асабістую віну.
Калі б?
Супраць збітай фразы пра нелюбоў гісторыі да ўмоўнага ладу ўсё ж можна паспрабаваць вызначыць верагоднасць адмовы Крэмля ад агрэсіі супраць Украіны ў выпадку аднадушнай падтрымкі прапановы Меркель усімі членамі Еўрасаюза. Гэта важна і ў дачыненні да сённяшняй сітуацыі: у Германіі і іншых краінах «Старой Еўропы» дагэтуль бытуе меркаванне, што з Пуціным можна было б дамовіцца і дыпламатычнымі інструментамі пазбегнуць кровапраліцця. Для ацэнкі верагоднасці іншага сцэнару трэба ўспомніць храналогію падзей да лютага 2022 года.
У 2014–2015 гадах, пасля анексіі Крыму, Расія фактычна стала ўдзельніцай баявых дзеянняў на Данбасе. Яна ажыццяўляла накіраванне расійскіх «добраахвотнікаў» і вайскоўцаў рэгулярных узброеных сіл без знакаў адрознення, пастаўку вайсковай тэхнікі, абстрэльвала ўкраінскія сілы са сваёй тэрыторыі і брала непасрэдны ўдзел у стварэнні і ўмацаванні парамілітарных рэжымаў у Данецку і Луганску — ад фінансавання да кантролю з боку дарадцаў і прадстаўнікоў спецслужбаў.
Пасля заканчэння актыўнай фазы супрацьстаяння Крэмль працягваў падтрымку «ДНР» і «ЛНР». Палявыя камандзіры і чыноўнікі, не цалкам лаяльныя Маскве, былі ізаляваныя або фізічна ліквідаваныя. Паралельна ў расійскіх СМІ бясконца гучала антыўкраінская кампанія, а ў ліпені 2021 года Пуцін апублікаваў артыкул «Пра гістарычнае адзінства расіян і ўкраінцаў», які можна назваць ідэалагічнай базай будучай агрэсіі.
Словы Меркель, што Пуцін расчараваўся ў Мінскіх пагадненнях да лета 2021 года, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Крэмль пастаянна настойваў, што «не з’яўляецца бокам канфлікту», а дамоўленасці 2015 года ад пачатку ўспрымаў не больш як часовую тактычную паўзу. «Л/ДНР» павінны былі заставацца зонай напружанасці для Кіева і перашкаджаць інтэграцыі Украіны з Захадам.
З цягам часу Пуцін пераканаўся, што гэты план не працуе, а канфлікт імкнецца да «замарозкі». У кастрычніку 2021 года, адначасова з канцэнтрацыяй расійскіх войскаў у прыгранічных рэгіёнах, Пуцін заяўляе пра «пагрозы» Расіі з боку Украіны і «вайсковае асваенне тэрыторый» сіламі НАТА.
А ў снежні 2021 года Масква перадала Вашынгтону праект «Дагавора аб гарантыях бяспекі», які быў апублікаваны ў адкрытым доступе. На практыцы гэта была сістэматызацыя патрабаванняў, якія Крэмль ужо выказваў Захаду на працягу 2020–2021 гадоў. Сусветная прэса назвала дакумент «ультиматумам», бо ён прадугледжваў кардынальны перагляд усёй еўрапейскай архітэктуры бяспекі, пачынаючы з вываду вайсковых кантынгентаў і ўзбраенняў з краін Усходняй Еўропы, дзе яны былі размешчаныя пасля 1997 года, а таксама спыненне вайсковага супрацоўніцтва з імі.
Менавіта палажэнні гэтага ультыматуму Пуцін абраў у якасці адзінай асновы для перамоваў — яшчэ да яго публікацыі. Меркель у венгерскім інтэрв’ю не згадвае, што Захад дэманстраваў гатоўнасць выслухаць расійскую пазіцыю. У чэрвені 2021 года ў Жэневе адбыўся расійска-амерыканскі саміт на найвышэйшым узроўні, і ён не прынёс ніякіх прыкметных вынікаў, акрамя сумеснай заявы аб стратэгічнай стабільнасці. У кастрычніку ў Маскву прыбыла намесніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд і правяла перамовы з чатырма ключавымі чыноўнікамі расійскай адміністрацыі. У студзені 2022 года генсек НАТА Енс Столтэнберг паведаміў аб аднаўленні працы прадстаўніцтваў альянсу і РФ, адпаведна, у Маскве і Бруселі, адбылося пасяджэнне Савета Расія — НАТА.
У першай палове лютага Маскву наведалі лідары двух найбольш значных дзяржаў ЕС, канцлер Германіі Олаф Шольц і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, прычым Макрон здзейсніў візіт і ў ролі кіраўніка дзяржавы, якая на той момант старшынявала ў Еўрасаюзе. Тадышні прэм’ер-міністр Італіі Марыё Драгі у лютым неаднаразова праводзіў з Пуціным тэлефонныя перамовы. У тым жа месяцы ў расійскай сталіцы пабываў і блізкі да Пуціна прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, які поруч з эканамічнымі пытаннямі таксама паспрабаваў узяць на сябе ролю міратворцы. Венгерскія СМІ, арыентаваныя на Орбана, зыходзілі з таго, што кіраўнік урада паспрабаваў скарыстацца «асаблівай роляй» Венгрыі і наладзіць дыялог з Пуціным.
Такім чынам, вядучыя амерыканскія і еўрапейскія палітыкі прыклалі нямала намаганняў, жадаючы знайсці падыход да Пуціна і вырашыць супярэчнасці дыпламатычным шляхам. Наўрад ці які-небудзь «новы фармат» ад імя аб’яднанай Еўропы змог бы дасягнуць большага, чым Макрон, Шольц і Драгі — лідары першай тройкі дзяржаў ЕС па ВУП і колькасці насельніцтва.
Меркель абыходзіць увагай і «нязручны» для яе факт. У Маскве пазіцыя Еўрасаюза лічылася хутчэй пабочнай, якую можна было «ігнараваць». Асноўным партнёрам у любых перамовах аб пераўладкаванні свету Пуцін бачыў (і бачыць) выключна Вашынгтон. Але і Амерыка ў сітуацыі канца 2021 — пачатку 2022 гадоў не магла прадпрыняць у дыпламатычнай плоскасці нічога істотнага. Фактычна прадстаўнікі ЗША, ЕС і НАТА апынуліся ў тупіковай сітуацыі: выстаўленыя Расіяй умовы прыняць было немагчыма — ды Крэмль гэтага і не чакаў — але настойваў выключна на іх. Пуцін шукаў casus belli, і Захаду заставалася спадзявацца толькі на тое, што Крэмль не адважыцца пачаць паўнамаштабную ваенную аперацыю супраць Украіны, узважыўшы «за» і «супраць», напрыклад, з боязі рэзкай міжнароднай рэакцыі, жадання не страціць заходнія рынкі збыту энерганосьбітаў або цвярозай ацэнкі ўласных ваенных магчымасцяў.
Менавіта з гэтага і выходзілі палітыкі і эксперты, лічачы, што Пуцін «грае мускуламі» і бравадуе, але блефуе і адмовіцца ад апошняга кроку. Калі б 24 лютага 2022 года не пачалося масіраванае ўварванне Расіі ва Украіну, гэта было б выключна ўнутрыпалітычным рашэннем Пуціна і вузкага кола яго набліжаных, ніяк не звязаным з перамоўным майстэрствам еўрапейцаў.
Палітыка Меркель пацярпела крах
Мінулі тыя часы, калі немцы называлі Меркель «Mutti» («мамачка»), а партыя ХДС выйгравала выбары толькі дзякуючы твару канцлеркі на плакатах. Паводле дадзеных апытання лютага 2025 года, толькі 31% немцаў ацэньвае працу Меркель як добрую або хутчэй добрую, у той час як 43% ставяцца да яе дзейнасці адмоўна. Нават у шэрагах яе ўласнай партыі колькасць выказаўшыхся негатыўна наблізілася да трэці.
Гэтыя лічбы яшчэ больш уражваюць з улікам таго факта, што многія рэспандэнты адказваюць на падобныя пытанні не на аснове аб’ектыўнай ацэнкі дзеянняў палітыка, а пад уплывам эмоцый. Тым не менш на доўгі перыяд кіравання Меркель прыпалі і «залатыя гады» Германіі — эпоха стабільнасці без вайны і пандэміі, нізкіх цэн і тарыфаў і ўпэўненасці ў будучыні. Калі выключыць «настальгічныя галасы», то рэальны рэйтынг Меркель быў бы яшчэ ніжэйшы.
Кар’ера Меркель уражвае. Яна прайшла шлях ад сціплай супрацоўніцы НДІ ў ГДР да лідаркі трэцяй эканомікі свету, першай жанчыны і першай прадстаўніцы Усходняй Германіі на гэтай пасадзе, якая выйграла чатыры выбарчыя кампаніі. Увесь свой палітычны шлях яна лічылася жорсткай арганізатаркай, адначасова «павышаючы» прыхільнікаў, «падаўляючы» апанентаў і адкладаючы прыняцце неабходных рашэнняў у імя ўстойлівасці сістэмы.
У мірных умовах гэта працавала. У змененых рэаліях чацвёртага года еўрапейскай вайны і эканамічнай стагнацыі Меркель нават у пачэснай ролі экс-канцлеркі (у Германіі ўжываецца паважлівая назва Altbundeskanzler — «стары федэральны канцлер») не можа знайсці правільныя словы для сваёй былой электаральнай базы і сусветнай грамадскасці. Відавочна, што яна, шчыра крытыкуючы пуцінскую агрэсію і выступаючы за правы і свабоды ўсіх народаў свету, так і не зразумела, што палітыка «замірэння» Расіі пацярпела крах не з прычыны адсутнасці яшчэ аднаго раунда перамоў, а з-за сваёй першапачатковай памылковасці.
Дзмітрый Страціеўскі, The Moscow Times