У Беларусі павысяць падатак на нерухомасць
8- 19.10.2025, 18:40
- 14,544
Але не для ўсіх.
Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў расказаў у эфіры дзяржаўнага ТБ пра падрыхтоўку павышэння ставак падаткаў для ўладальнікаў кватэр вялікай плошчы. Пра гэта піша БелТА.
Мова пра тых, хто мае кватэры плошчай больш за 150 квадратных метраў. А таксама — гэта наступны крок у градацыі — пра ўладальнікаў кватэр плошчай звыш 250 «квадратаў».
«Магчыма, не ўсе нават ведаюць, што такія існуюць, але яны ёсць, іх насамрэч тысячы», — заўважыў Селіверстаў.
Паводле яго слоў, Мінфін прапануе ўстанавіць для ўладальнікаў кватэр плошчай больш за 150 метраў каэфіцыент 2 і каэфіцыент 3 для тых, у каго «квадратаў» больш за 250.
Для прыватных дамоў парогі плануюць усталяваць таксама па двух планках: крыху павышаная стаўка пры плошчы дома ад 200 «квадратаў», яшчэ вышэйшая — пры 300 квадратных метрах.
Кіраўнік фінансавага ведамства адзначыў наконт колькасці ўладальнікаў жылля вялікага метражу:
«Паводле ацэнак, прыблізна 27 тысяч падаткаплатнікаў падпадаюць».