Le Monde: Пазіцыя Трампа па Украіне пачынае раздражняць
10- 19.10.2025, 20:34
- 20,156
Саюзнікі незадаволеныя.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які неаднаразова заяўляў, што хоча пакласці канец вайне краіны-агрэсара Расіі супраць Украіны, сваімі дзеяннямі ўсяго за тыдзень толькі пацвердзіў сваю непаслядоўнасць. Пра гэта піша 18 кастрычніка Le Monde.
Выданне нагадвае, што пасля правальнага саміту на Алясцы, дзе Трамп дэманстраваў саступлівасць перад Крэмлём і нічога не атрымаў узамен, 13 кастрычніка ён пагражаў перадаць Украіне крылатыя ракеты Tomahawk, калі нелегітымны прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін не спыніць агрэсію.
Здавалася, Трамп нарэшце вырашыў выбудаваць баланс сіл з Пуціным, які разумее толькі мову сілы. Але ўжо праз тры дні, пасля доўгай тэлефоннай размовы з Пуціным, ён чарговы раз змяніў пазіцыю. Трамп адступіў ад свайго рашэння па пытанні паставак крылатых ракет, спаслаўшыся на недастатковыя запасы ЗША і жаданне пазбегнуць эскалацыі. «Пуцін не праяўляў падобных ваганняў на працягу некалькіх тыдняў пасля саміту ў Анкарыджы, абрынуўшы беспрэцэдэнтныя бамбардзіроўкі на ўкраінскія гарады і грамадзянскую інфраструктуру», – нагадвае Le Monde.
У публікацыі адзначаецца, што Трамп чарговы раз паспрабаваў заняць раўнадаленую пазіцыю паміж двума ваюючымі бакамі, паставіўшы агрэсара і ахвяру на адзін узровень. Гэта ўжо на працягу васьмі месяцаў замарожвае сітуацыю на адным месцы, чым Расія пастаянна карыстаецца.
СМІ адзначаюць, што ракеты Tomahawk маглі б узмацніць Украіну і паказаць цвёрдую падтрымку Вашынгтона. Замест гэтага ЗША абмяжоўваюцца словамі і няздзейсненымі пагрозамі санкцый.
Трамп, які папракаў Зяленскага ў тым, што той «не мае ўсіх карт», сам гуляе сваімі надзвычай неўпэўнена, і менавіта гэта сёння раздражняе яго саюзнікаў, піша выданне.