Радаслаў Сікорскі правёў урок гісторыі для кіраўніка МЗС Ірана
- 19.10.2025, 21:32
- 5,346
Польскі міністр заклікаў Тэгеран заняцца «адраджэннем персідскай цывілізацыі».
Міністры замежных спраў Ірана і Польшчы абмяняліся любязнасцямі па-польску ў сувязі з удзелам Радаслава Сікорскага у выставе іранскага «Шахеда» ў парламенце Вялікабрытаніі.
Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».
У нядзелю кіраўнік іранскага МЗС Абас Аракчы раскрытыкаваў дэманстрацыю «Шахеда» ў брытанскім парламенце, назваўшы гэта «жаласнай сцэнай, інсцэнаванай лобі Ізраіля і яго спонсарамі».
«Асобы, варожыя да сяброўскіх адносінаў паміж Іранам і Еўропай, спрабуюць ствараць выдуманыя наратывы, якія не адлюстроўваюць гістарычных сувязяў, у прыватнасці паміж Іранам і Польшчай», — напісаў па-польску Аракчы ў X.
Польскі візаві на той жа платформе назваў «прыемным» той факт, што кіраўнік дыпламатыі Ірана загаварыў на яго роднай мове, «але лепш было б не прадаваць Расіі дроны і ліцэнзіі на іх вытворчасць падчас агрэсіі супраць Украіны».
«Жадаю іранскаму народу, каб іх урад замест экспарту ісламскай рэвалюцыі і ўзбагачэння ўрану заняўся адраджэннем персідскай цывілізацыі, якая калісьці здзіўляла свет», — дадаў Сікорскі.