У Саратаве прагрымелі выбухі пасля ўдараў дронаў
2- 2.10.2025, 9:13
- 9,402
Атаку паказалі на відэа.
У ноч на 2 кастрычніка дроны атакавалі ваенныя і стратэгічныя аб’екты ў Саратаўскай вобласці Расіі. Пра гэта паведамілі расійскія Telegram-каналы, піша Дыялог.UA.
Паводле дадзеных Telegram-каналаў, жыхары Саратава чулі выбухі і працу супрацьпаветранай абароны. Падрабязнасці ўдакладняюцца. Відэа публікуе Telegram-канал «Крымскі вецер».
Губернатар Саратаўскай вобласці Раман Бусаргін пакуль афіцыйна не пракаментаваў атаку дронаў. Ён паведаміў толькі, што ёсць пагроза БПЛА.
Прыкладна а 05:00 стала вядома, што ў аэрапорце Саратава ўвялі абмежаванні. Таксама іх сёння ўвялі і ў аэрапорце Астрахані.
Пазней абмежаванні ў аэрапортах адмянілі. Мінабароны РФ заяўляе, што ў ноч на 2 кастрычніка над расійскімі рэгіёнамі нібыта было знішчана 85 украінскіх БПЛА.
Трэба адзначыць, што ў Саратаве і Саратаўскай вобласці размешчана шмат ваенных і стратэгічных аб’ектаў, якія забяспечваюць усім неабходным расійскую акупацыйную армію ва Украіне.
Таму Узброеныя сілы Украіны наносяць па іх удары. Напрыклад, у ноч на 10 жніўня 2025 года ўкраінскія дроны атакавалі Саратаўскі нафтаперапрацоўчы завод, які забяспечвае палівам расійскую армію. У выніку там пачаліся пажары. Гэты НПЗ можа перапрацоўваць штогод 7 мільёнаў тон нафты. Генштаб Узброеных сіл Украіны пацвердзіў удар па гэтым стратэгічным аб’екце.