Мігрантаў у Беларусі ўпершыню экзаменавалі па рускай мове
6- 2.10.2025, 19:36
- 3,664
Ацэнкі засакрэцілі.
У Беларусі прайшоў першы экзамен на веданне рускай мовы для мігрантаў. Яго вынікі публікуе БелТА.
Гэта быў новы для нашай краіны досвед, Міністэрства адукацыі спецыяльна распрацавала тэставыя заданні для жыхароў замежжа.
У першы дзень, 30 верасня, выпрабаванне прайшлі 90 чалавек.
Работы замежнікаў па мове ўжо правераныя. Са заданнямі тэстаў нібыта справіўся 81 чалавек з 90, што прыраўноўваецца да 90%. Усе яны атрымалі станоўчы вынік.
Узровень ведаў мігрантаў невядомы — адзнак за экзамен у ведамстве не прывялі.
Для астатніх дзевяці чалавек нездавальняючы вынік выпрабавання не стане катастрофай — можна запісацца на наступную дату тэставання. Яно пройдзе 15 кастрычніка.
Тэставанне праводзяць ва ўсіх абласных ВНУ. Агульная колькасць месцаў для здачы, якую здольнае забяспечыць Міністэрства адукацыі, — па 500 месцаў двойчы на месяц. Беларускія ўлады плануюць праводзіць экзамен 15-га і ў канцы месяца.
Колькасць спроб здачы не абмежаваная.