5 снежня 2025, Пятніца, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Археолагі зрабілі нечаканае адкрыццё пад Мінскам

2
Археолагі зрабілі нечаканае адкрыццё пад Мінскам

Знаходка настолькі рэдкая, што можа паўплываць на дату заснавання Ждановіч.

У ваколіцах Ждановіч пад Мінскам археолагі выявілі знаходку, якая можа змяніць храналогію асваення тэрыторыі, піша «Прысталічча».

Падчас раскопак на гарадзішчы Банцэраўшчына была знойдзена ўнікальная бронзавая падвеска, датаваная другой паловай першага тысячагоддзя да нашай эры. Паводле слоў навуковай супрацоўніцы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Элоны Ляшкевіч, знаходка настолькі рэдкая, што можа ўплываць на дату заснавання паселішча.

Гарадзішча Банцэраўшчына — аб’ект, вядомы археолагам з пачатку ХХ стагоддзя. Першыя даследаванні тут пачаліся сто гадоў таму. З таго часу месца неаднаразова вывучалі: у 1948–1949 гадах — Аляксей Мітрафанаў, у 1982-м — Георгій Штыхаў. З 2023 года працы адноўлены пад кіраўніцтвам Элоны Ляшкевіч, якая даследуе ацалелыя ўчасткі старажытнага паселішча, нягледзячы на актыўную забудову і пракладку камунікацый, што пачаліся з сярэдзіны ХХ стагоддзя.

Як адзначае Ляшкевіч, галоўная задача каманды — вызначыць культурна-храналагічную сітуацыю, прааналізаваўшы знойдзеныя артэфакты. «Раскопкі любога паселішча заўсёды даюць інфарматыўны матэрыял. Пераважна гэта рэшткі керамічнага посуду. Сёлета мы таксама знайшлі фрагменты ляпной керамікі», — тлумачыць археолаг.

Але галоўным адкрыццём сезону стала бронзавая падвеска, якая выклікала нямала пытанняў у спецыялістаў па жалезным веку. «Гэта вялікая ўзнагарода для нас, — кажа Элона Ляшкевіч. — Яна адносіцца да другой паловы першага тысячагоддзя да нашай эры. Гэта адзіная такая знаходка ў Цэнтральнай Беларусі». Паводле яе слоў, гэты артэфакт можа змяніць уяўленне пра дату заснавання паселішча — магчыма, яно ўзнікла раней, чым меркавалася.

Археолагі таксама выявілі фрагменты бронзавых упрыгожанняў у заходняй частцы гарадзішча, што адкрывае новыя магчымасці для даследаванняў. Сёння гарадзішча Банцэраўшчына ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з пачатку яго навуковага вывучэння.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках