Трамп зрабіў новую гучную заяву пра вайну ва Украіне
28- 20.10.2025, 21:18
- 17,466
Ён адзначыў, што ў ЗША ёсць зброя, пра якую людзі нават не ўяўляюць.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Украіна яшчэ можа выйграць вайну. Такую заяву ён зрабіў падчас двухбаковага абеду з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Энтані Албанізам, паведамляе «УНІАН».
Журналістка спытала ў амерыканскага лідара, ці працягвае ён верыць у тое, што Украіна выйграе вайну і верне свае тэрыторыі. Яна нагадала, што менавіта пра гэта казаў Трамп яшчэ да сваёй размовы з расійскім дыктатарам Пуціным 16 кастрычніка.
- Яны яшчэ могуць перамагчы. Я сказаў, што яны могуць выйграць што заўгодна. Вайна — вельмі дзіўная рэч. Не думаю, што яны гэта зробяць, але могуць. Я ніколі не казаў, што яны перамогуць. Я сказаў, што яны могуць перамагчы, — адказаў прэзідэнт ЗША.
Трамп дадаў, што Пуцін і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ненавідзяць адзін аднаго. Паводле яго слоў, гэта ўскладняе сітуацыю.
Акрамя таго, прэзідэнт ЗША заявіў, што падчас апошняй размовы з Пуціным ён прасіў кіраўніка Крамля перастаць атакаваць грамадзянскіх ва Украіне. Тым не менш ён не паведаміў, які адказ даў Пуцін.
Таксама Трамп адказаў на пытанне журналіста, ці абмяркоўваліся з Пуціным атакі Расіі на грамадзянскія раёны Украіны ўвогуле.
- Так. Але большасць загінулых — гэта салдаты, — адказаў прэзідэнт ЗША.
Трамп адзначыў, што ў ЗША ёсць зброя, пра якую людзі нават не ўяўляюць. Тым не менш ён не стаў раскрываць ніякіх падрабязнасцяў.