Ferrari адрадзіла свой самы знакаміты суперкар у новым фармаце
4- 20.10.2025, 22:11
- 3,936
Максімальная хуткасць перавышае 330 км/г.
Новы Ferrari SC40 — эксклюзіўная мадэль, створаная ў межах праграмы Special Projects па замове ананімнага аматара F40. Яна застанецца ў адзіным экзэмпляры, паведамляецца на афіцыйным сайце Ferrari.
За аснову навінкі ўзялі сучасны суперкар Ferrari 296 GTB, у якім замянілі значную частку кузаўных панэляў. Новая пярэдняя частка з рубленым дызайнам, паветразаборнікі ў бакавінах і вялікае антыкрыло ззаду зрабілі аўто падобным да купэ Ferrari F40 1987 года. У падобным стылі вытрыманая і крышка капота рухавіка.

Салон Ferrari SC40 аздобілі алькантарай і жакардавай тканінай. Акрамя таго, з’явіліся ўстаўкі з карбону і кевлару, як у Ferrari F40.

Гібрыдная ўстаноўка Ferrari 296 GTB засталася без змяненняў. 3,0-літровы V6 цвін-турба і электрарухавік сумарна развіваюць 830 к.с. і 740 Н∙м. Для параўнання, турбарухавік Ferrari F40 выдае 487 сіл.

Паскарэнне да 100 км/г займае 2,9 с, а максімальная хуткасць перавышае 330 км/г. Да таго ж, гібрыд Ferrari SC40 здольны праехаць да 25 км у электрычным рэжыме.