Politico: ЕС набліжаецца да рашэння аб «рэпарацыйным крэдыце» для Украіны
2- 21.10.2025, 11:48
- 1,852
Паслы ЕС ужо неафіцыйна ўзгаднілі праект.
Еўрасаюз набліжаецца да прыняцця рашэння аб накіраванні прыбытку з замарожаных расійскіх актываў на фінансаванне маштабнай пазыкі для Украіны. Так званага «рэпарацыйнага крэдыту».
Пра гэта паведамляе Politico.
Гатуючыся да сустрэчы, паслы ЕС ужо неафіцыйна ўзгаднілі праект высноў Еўрапейскага савета, з якім азнаёмілася выданне.
Еўракамісію заклікаюць вылучыць прапанову па рэпарацыйным крэдыце для Украіны, якая «базуецца на належнай еўрапейскай салідарнасці і размеркаванні рызык».
Як паведаміў бельгійскі дыпламат, тэкст праекта з'яўляецца «палітычным ухваленнем» для Еўракамісіі, што дазволіць апублікаваць прапанову пасля сустрэчы ў чацвер.
«Я не хвалююся, што Бельгія створыць праблемы ў Еўрапейскім савеце», — заявіў дыпламат ЕС з іншай краіны.
Пазіцыя Бельгіі адносна рэпарацыйнага крэдыту
Бельгія заняла асцярожны падыход да прадастаўлення Украіне рэпарацыйнага крэдыту. Паколькі менавіта ў Бельгіі знаходзіцца кампанія Euroclear, дзе захоўваюцца заблакаваныя актывы РФ, краіна баіцца самастойна кампенсаваць сродкі ў выпадку задавальнення верагодных пазоваў Масквы.
Аднак бельгійскі дыпламат сказаў Politico, што Бельгія не будзе пярэчыць супраць закліку да Еўракамісіі вылучыць прапанову па крэдыце.
Варта адзначыць, што нават калі Еўракамісіі дазволяць прыняць рашэнне па рэпарацыйным крэдыце, яе прававая прапанова сутыкнецца з тыднямі складаных перамоваў з нацыянальнымі сталіцамі.
Украіне важна атрымаць рэпарацыйны крэдыт да сустрэчы лідараў ЗША і РФ
Як адзначае выданне, для Украіны важна забяспечыць шматмільярдны рэпарацыйны крэдыт яшчэ да сустрэчы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным у Будапешце, якая павінна адбыцца ў бліжэйшы час.
Гэта стала б істотнай падтрымкай Кіеву і паўплывала б на спробы Пуціна дамагчыся тэрытарыяльных уступак з боку Масквы, піша Pollitico.
«Расія робіць стаўку на стомленасць Захаду ад вайны, але рэпарацыйны крэдыт можа паказаць, што Украіна будзе заставацца фінансава жыццяздольнай яшчэ два-тры гады», — паведаміў дыпламат ЕС, які пагадзіўся гаварыць на ўмовах ананімнасці.