ГУР: Украіна знішчыла да 30% паліўна-энергетычнай інфраструктуры РФ
4- 21.10.2025, 22:23
- 3,982
ЗСУ могуць паражаць мэты на адлегласці да 1500 кіламетраў і больш.
Страты паліўна-энергетычнага сектара Расіі ў выніку ўкраінскіх дальнабойных удараў складаюць ад 27% да 30%. Украіна здольная паражаць крытычныя ваенныя аб’екты на тэрыторыі РФ на адлегласці да 1500 кіламетраў і больш. Пра гэта заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі падчас форуму «Энергія, якая трымае Украіну».
Ён падкрэсліў, што Сілы абароны мэтанакіравана наносяць удары па найважнейшых аб’ектах расійскай інфраструктуры. «Вынікі работы па нафтаперапрацоўчых заводах і базах захоўвання паліва — відавочныя», — адзначыў Скібіцкі.
Паводле яго слоў, украінскія ўдары накіраваныя не толькі па энергетычных аб’ектах, але і па цэнтрах кіравання войскамі і прадпрыемствах ваенна-прамысловага комплексу РФ. «Найбольш крытычныя абарончыя заводы знаходзяцца на адлегласці 500–750 кіламетраў ад мяжы, і для іх паражэння патрэбныя магутныя сродкі», — дадаў прадстаўнік ГУР.
У разведцы падкрэслілі, што паліўна-энергетычны сектар з’яўляецца ключавым элементам ваеннай машыны Расіі, а яго знішчэнне істотна абмяжоўвае вытворчыя і лагістычныя магчымасці агрэсара.