Ад касметалогіі да медыцыны: як ботакс дапамагае украінскім байцам аднавіцца пасля параненняў
- 22.10.2025, 16:31
- 2,368
Прэпарат значна палягчае фантомны боль.
Амерыканска-ўкраінская каманда медыкаў выявіла, што ін’екцыі батулатаксіну (ботаксу) могуць часова палягчаць фантомны боль ва украінскіх вайскоўцаў, якія страцілі канечнасці на вайне, піша Interesting Engineering (пераклад — сайт Charter97.org).
Даследаванне, праведзенае навукоўцамі Паўночна-Заходняга ўніверсітэта (ЗША) сумесна з лекарамі са Львова і Івана-Франкоўска, ахапіла 160 пацыентаў. Ботакс уводзіўся ў балючыя ўчасткі кульці і вакол нервовых канчаткаў.
Вынікі паказалі, што цягам першага месяца пасля працэдуры ўзровень фантомнага болю знізіўся ў сярэднім на чатыры пункты з дзесяці — у адрозненне ад кантрольнай групы, дзе паляпшэнне было мінімальным. 69% удзельнікаў адзначылі значнае палягчэнне болю. Аднак праз тры месяцы эфект аслабляўся, што адпавядае вядомаму тэрміну дзеяння батулатаксіну.
«Нашы вынікі паказваюць, што батулінічны таксін можа стаць магутным кароткатэрміновым інструментам у тэрапіі пасляампутацыйнага болю, асабліва ў спалучэнні з комплексным медыцынскім і хірургічным лячэннем», — адзначыў сааўтар даследавання, анестэзіёлаг Раман Смалінец са Львова.
Навукоўцы прымянілі інавацыйны метад увядзення прэпарата пад кантролем ультрагуку, накіроўваючы ін’екцыі проста ў зону балючых нерваў. Такі прыцэльны падыход дазволіў істотна знізіць запаленне і актыўнасць нервовых імпульсаў.
Методыка можа быць карыснай і пры іншых відах неўрапатычнага болю — пасля аперацый, пры апяразваючым лішайніку або сіндроме запясцевага канала. З пачатку вайны ва Украіне больш за 100 тысяч чалавек страцілі канечнасці, і патрэба ў эфектыўных метадах абязбольвання застаецца надзвычай высокай.