Беларускія хірургі правялі ўнікальную аперацыю
- 27.10.2025, 15:28
- 4,046
Пацыенту з інфарктам уратавалі жыццё без адкрыцця грудной клеткі.
24 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню была праведзена ўнікальная аперацыя — эндаваскулярнае пратэзаванне клапана лёгачнай артэрыі і стэнціраванне каранарных артэрый, якая ўратавала жыццё пацыенту з інфарктам, паведамілі ў Мінздароўі.
Аперацыю выканала сумесная брыгада спецыялістаў Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра і РНПЦ дзіцячай хірургіі.

Адметнасць умяшання ў тым, што пацыенту ўпершыню спатрэбілася такая аперацыя з-за вострага інфаркту міякарда і значнага стэнозу клапана лёгачнай артэрыі на фоне скарэктаванай у дзяцінстве прыроджанай заганы сэрца — тэтрады Фало.
«Уратаваць пацыента лекарам удалося без адкрытай аперацыі, а менавіта мініінвазіўным метадам эндаваскулярнай хірургіі», — паведамілі ў Мінздароўі.
Аперацыю праводзілі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзялення рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі Аляксея Максімчыка і загадчыка рэнтгенаперацыйнай РНПЦ дзіцячай хірургіі Паўла Чарнаглаза.