18 снежня 2025, Чацвер, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Следчы папрасіў беларуску, якая выехала за мяжу, падпісаць дзіўную паперу

9
Следчы папрасіў беларуску, якая выехала за мяжу, падпісаць дзіўную паперу

Яна адмовілася.

Берасцейка Вольга выехала з Беларусі ў красавіку 2024-га пасля таго, як затрымалі яе сяброў. Яны паспелі перадаць, што сілавікі ёй цікавіліся. Не дачакаўшыся «гасцей», жанчына разам з мужам перабралася ў Польшчу. Пасля ад’езду прайшло паўтара года. І тут да беларускі пачаў пісаць следчы, які настойліва прасіў паабяцаць, што яна не вернецца на радзіму. Падрабязнасці гісторыі Вольга расказала «Зеркалу».

Ужо пасля ад’езду Вольга даведалася, што ў дачыненні да яе ўзбуджана крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 КК за ўдзел у пратэстах 10 жніўня 2020-га. Пасля ад’езду сілавікі ёй не цікавіліся — да кастрычніка гэтага года.

— Следчы з Брэста прадставіўся як Іван Бойка. Спачатку ён звязаўся з маімі знаёмымі ў Беларусі і папрасіў перадаць, каб я з ім пагаварыла. Ціску не было, проста ветліва папрасіў, — расказвае жанчына.

Але Вольга не спяшалася выконваць просьбу. У выніку Бойка сам знайшоў кантакт берасцейкі і патэлефанаваў ёй у Viber. Прадставіўся, а потым вельмі прасіў і яе, і мужа запоўніць дзіўны дакумент пад назвай «Тлумачэнне», узор якога ён адаслаў у чат.

У дакуменце трэба было пазначыць прозвішча, імя, імя па бацьку і год нараджэння, адрас рэгістрацыі ў Беларусі. А таксама новы адрас, па якім Вольга жыве ў Польшчы, і яе польскі нумар тэлефона.

— Ён вельмі настойліва пытаўся пра адрас. Але потым казаў, што ў Польшчу за мной ніхто не паедзе, — удакладняе суразмоўніца.

Далей у заяве прапаноўвалася пацвердзіць, што Вольга ведае пра крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 КК і што вяртацца ў Беларусь не плануе, «бо пераехала канчаткова».

— Як сказаў следчы, гэта патрэбна, каб ён паклаў справу на палічку і забыў. Бо, маўляў, інакш яна будзе адкрытая, — пераказвае словы сілавіка суразмоўніца.

Пагаварыўшы з супрацоўнікам СК, Вольга нічога яму дасылаць не стала. І праз пару дзён той зноў перазваніў і пацікавіўся, чаму жанчына яму не піша.

— Я шчыра сказала, што нічога рабіць не буду, бо гэта пагражае маёй бяспецы, — тлумачыць беларуска. — Ён зноў пачаў пераконваць мяне, што дакумент патрэбны толькі для таго, каб ён паклаў справу на палічку і больш да яе не вяртаўся. А калі зразумеў, што я ўсё ж нічога не напішу, засмуціўся. І сказаў, што «тыя, хто выехаў, занадта добра ведаюць пра свае правы», таму маему мужу ён нават званіць не будзе. І праз нейкі час выдаліў фатаграфію заявы.

Юрыстка праваабарончага цэнтра «Вясна» Святлана Галоўнева у каментары «Зеркалу» адзначыла, што такое «тлумачэнне» не будзе падставай для закрыцця «крыміналкі».

— Калі чалавек з’язджае з краіны пасля таго, як у дачыненні да яго ўзбудзілі крымінальную справу, або не вяртаецца, ведаючы пра яе наяўнасць, ён лічыцца тым, хто схаваўся ад следства, — расказвае яна. — У такім выпадку цячэнне тэрміну даўнасці прыпыняецца, і нават пры вялікім жаданні следчы нічога не зможа зрабіць.

Галоўнева адзначае, што супрацоўнік СК, які звязаўся з Вольгай, можа казаць праўду пра жаданне «пакласці справу на паліцу». Пэўная выгода ад падпісанай такой заявы для яго магчымая.

— Гэта можа быць патрэбна для прыпынення папярэдняга следства. Пакуль яно прыпынена, следчы над справай не працуе, — расказвае Святлана. — А вось для чаго сілавікам адрас і тэлефон у Польшчы, сказаць складана. Не выключана, што гэта проста фармальнасць. Але, магчыма, ёсць і іншыя матывы. У любым выпадку, калі чалавек раскрые сваё месца жыхарства, існуюць рызыкі, што гэтым могуць скарыстацца, аказваць ціск.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках