Трамп зрабіў канчатковую заяву аб трэцім тэрміне
18- 29.10.2025, 10:25
- 15,484
Прэзідэнт ЗША спаслаўся на Канстытуцыю.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выключыў магчымасць застацца прэзідэнтам на трэці тэрмін.
Як паведамляе The Hill, пра гэта ён сказаў у размове са СМІ на борце прэзідэнцкага самалёта па дарозе ў Паўднёвую Карэю.
Трамп адзначыў, што мае «найлепшыя лічбы, якія калі-небудзь былі ў якога-небудзь прэзідэнта за шмат гадоў», але ў Канстытуцыі ЗША ясна прапісана, што трэці раз балатавацца яму нельга.
«Калі яе пачытаць, там усё вельмі ясна. Мне нельга балатавацца. Гэта вельмі дрэнна... Але ў нас ёсць шмат выдатных людзей», — сказаў Дональд Трамп.
22-я папраўка да Канстытуцыі гаворыць, што ніхто не можа быць абраны прэзідэнтам ЗША больш як на два тэрміны.
Таксама на гэтым тыдні Трамп заявіў, што падчас прэзідэнцкай кампаніі 2028 года не будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду віцэ-прэзідэнта, каб застацца пры ўладзе.