Беларусь затрымала кантрабанду з Расіі
3- 29.10.2025, 11:12
- 3,062
Гомельская мытня канфіскавала буйную партыю адзення, абутку і айфонаў без дакументаў.
Больш за 7,5 тыс. адзінак розных тавараў замежнай вытворчасці агульным коштам больш за 370 тыс. рублёў намерваўся рэалізаваць у Беларусі індывідуальны прадпрымальнік, які ажыццявіў увоз грузу з Расіі, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК).
Адзначаецца, што яго аўтамабіль «Мэрсэдэс-Бэнц» гомельскія мытнікі спынілі «пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў». Было ўстаноўлена, што ў Беларусь без суправаджальных дакументаў увозіліся адзенне, абутак, тэлефоны «вядомага замежнага брэнду» (судзячы па фота — iPhone), аксесуары да іх і іншыя тавары.
У дачыненні да прадпрымальніка распачаты адміністрацыйны працэс па арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспартавання, адпуску і рэалізацыі тавараў). Яму пагражае штраф у памеры да 50% ад вартасці грузу.