Тэхналогія мінулага
3- Юрый Федарэнка
- 29.10.2025, 12:10
- 4,230
«Буравеснік» выконвае толькі адну ролю.
Кіраўнік Крамля пахваліўся выпрабаваннямі ракеты «з неабмежаванай дальнасцю», то-бок крылацкай ракеты 9М730 «Буравеснік» з ядзерным рухавіком.
Паводле слоў самога Пуціна, гэта «унікальны выраб, якога ў свеце ні ў каго няма». У чым жа палягае ўнікальнасць гэтай страшылкі?
Спачатку «афіцыйная інфармацыя» ад праціўніка. Кіраўнік расійскага генштаба Валерый Герасімаў раскрыў некаторыя дэталі выпрабавання «Буравесніка» і, у прыватнасці, паведаміў, што палёт цягнуўся каля 15 гадзін, за якія ракета праляцела 14 тыс. км. Мэта прэзентацыі «ад Герасімава» відавочная: напалохаць Захад і прадэманстраваць «тэхналагічны прарыў». Насамрэч за хвальбой Крамля хаваецца не «прарыў», а састарэлая тэхналогія, якая ўяўляе пагрозу найперш самім расіянам.
Мала хто памятае, што Пуцін калісьці ўжо «прэзентаваў» гэты «Буравеснік» — інфармацыя пра «атамалёт» прагучала ў 2018 годзе ў пасланні гаспадара Крамля Федэральнаму сходу. Таксама мала хто памятае, што адбылося пасля гэтага. А адбылася чарада выпрабаванняў, пра якія даведаліся прадстаўнікі заходніх разведак.
Цяпер некалькі слоў пра вынікі гэтых «гістарычных» выпрабаванняў. Большасць з іх завяршыліся аварыямі, якія суправаджаліся надзвычай небяспечнымі выкідамі радыяцыі. Найбольш вядомы выпадак адбыўся ў жніўні 2019 года. Тады загінула некалькі расійскіх ядзершчыкаў: як мінімум пяцёра супрацоўнікаў дзяржаўнай карпарацыі «Росатом» сталі «двухсотымі», яшчэ траі пацярпелі. За 30 км ад месца выпрабаванняў былі выяўленыя раптоўныя скачкі радыяцыйнага фону. Пра маштабы экалагічнай катастрофы мы можам толькі здагадвацца — гэта засакрэчаная інфармацыя. Вось такая «прарыўная, высокатэхналагічная і звышсучасная» распрацоўка.
Дарэчы, пра «звышсучаснасць». Ідэя малагабарытнага атамнага рухавіка не проста старая, а састарэлая. Рэалізацыя гэтай ідэі пачалася ў РФ яшчэ ў 2001 годзе і працягвалася амаль 25 гадоў. Аўтарства самой ідэі не належыць расіянам. Падобную ракету стварылі ў 1960-х гадах у ЗША. Яна называлася SLAM — Supersonic Low-Altitude Missile (звышгукавая нізкавысотная ракета) з праматачным паветрана-рэактыўным рухавіком. Тэарэтычна яна павінна была несці 16 тэрмаядзерных зарадаў і была здольная прабіць любую СПА свету. Аднак праект у ліпені 1964 года закрылі.
Сукупнасць прычын, з-за якіх звярнулі праект, можна аб’яднаць адной фразай: занадта небяспечна. Было не зусім зразумела, як правесці паўнавартасныя выпрабаванні, даволі высокімі здаваліся рызыкі для экалогіі і саміх выпрабоўнікаў. Яшчэ адзін момант, звязаны з адказнасцю навукоўцаў і палітыкаў, — яны вырашылі, што гэта занадта правакацыйная распрацоўка, якая пацягне з’яўленне аналагічнага праекта ў СССР. Што да ваенных задач, з якімі была звязаная SLAM, то іх больш эфектыўна выконвалі міжкантынентальныя балістычныя ракеты, бо яны маглі дасягнуць межаў СССР значна хутчэй. Наўрад ці тагачасныя амерыканцы маглі прадбачыць, што ў XXI стагоддзі архіўную ідэю атамалёта паспрабуюць узяць на ўзбраенне расійскія тэрарысты.
Як яны могуць выкарыстоўваць гэтую тэхналогію мінулага? Адказ даволі банальны: як своеасаблівы піяр. Справа ў тым, што Расія ў сваіх глабальных рашэннях заўсёды азіраецца на Кітай. Цяжка ўявіць сітуацыю, калі Пекін дасць санкцыю Маскве на рэальнае прымяненне ядзернай зброі. Таму «Буравеснік» выконвае толькі адну ролю: наводзіць жах на заходні свет.
Калі ж сур’ёзна казаць пра тое, хто сапраўды пацерпіць (ці ўжо пацярпеў) ад гэтай страшылкі, дык гэта насельніцтва тых рэгіёнаў, дзе праводзяцца выпрабаванні. Напэўна, гэта жыхары населеных пунктаў у Архангельскай вобласці, у прыватнасці горада Северадвінска. Таксама пад пагрозай флора і фаўна рэгіёна. Асабліва шкода кітоў у Белым моры… Пакуль дзяржава пад назвай «Расійская Федэрацыя» паводзіць сябе як малпа з ядзернай зброяй, пад пагрозай застаецца ўсё жывое на яе тэрыторыі.
На жаль, Сілы абароны Украіны пакуль не могуць выратаваць ад крамлёўскіх сацыёпатаў прыгожых жывёл і расліны паўночнай Еўразіі, але мы робім і будзем рабіць усё магчымае, каб краіна-тэрарыст спыніла сваё існаванне. Кожная гадзіна гэтай вайны робіць Расію слабей. Настане дзень, калі імперыя рассыплецца. Гэта стане сапраўднай Перамогай жыцця над смерцю планетарнага маштабу. Слава Украіне!
Юрый Федарэнка «Фэйсбук»