Беларусы ігнаруюць пенсійныя прапановы ўладаў
10- 29.10.2025, 12:21
- 13,664
Яшчэ адзін правал рэжыму.
Да дзяржаўнай сістэмы добраахвотнага пенсійнага страхавання паводле формулы «3+3» за больш чым тры гады яе існавання далучыліся амаль 63 тыс. чалавек. Пра гэта паведамілі ў Мінпрацы.
У верасні колькасць занятых у эканоміцы, паводле дадзеных Белстата, складала 4 млн 151 тыс. чалавек. Гэта значыць, што да праграмы далучыліся 1,52% працуючых людзей.
Паводле Мінпрацы, першыя выплаты ў межах праграмы «3+3» чакаюцца ў лістападзе — снежні гэтага года. Іх атрымаюць 47 чалавек (13 мужчын, 34 жанчыны). Гэта людзі, якія за 3 гады да дасягнення пенсійнага ўзросту аднымі з першых уступілі ў праграму добраахвотнага страхавання з падтрымкай дзяржавы.
Як нагадвае «Зеркало», пенсійныя страхавыя палісы паводле формулы «3+3» дзейнічаюць з кастрычніка 2022 года. Паводле яе работнікі могуць добраахвотна адлічваць да 10% заробку на дадатковую пенсію, а наймальнік абавязаны дадаць столькі ж, але не больш за 3%. Напрыклад, пры ўнёску работніка 2% наймальнік пералічыць таксама 2%, а пры 5% — ужо толькі 3%.
Аднак у цэлым яна карыстаецца адносна нізкай папулярнасцю, асабліва сярод мужчын. У многім гэта звязана з эканамічнай палітыкай, слабым даверам да дзяржаўных інстытутаў і адносна нізкай працягласцю жыцця мужчын, а таксама з інфляцыйнымі рызыкамі, адзначаў раней эканаміст Уладзімір Кавалкін.
«Можна зрабіць самы лепшы дызайн назапашвальнай праграмы, але яна не запрацуе, таму што палітычныя і эканамічныя рызыкі ў Беларусі такія, што гэта не будзе мець сэнсу», — тлумачыў аналітык.