Ці былі неандэртальцы здольныя займацца мастацтвам?
9- 29.10.2025, 17:46
- 2,284
Зроблены новыя археалагічныя адкрыцці.
Доўгі час здольнасць да стварэння мастацтва лічылася адметнай рысай сучаснага чалавека. Аднак новыя археалагічныя адкрыцці паказваюць, што неандэртальцы таксама пакінулі па сабе мастацкія сляды — хай і не ў выглядзе выяў жывёл або людзей, як у Homo sapiens, піша The Conversation (пераклад — сайт Charter97.org).
Неандэртальцы, якія насялялі Еўропу і Заходнюю Азію ад 400 000 да 40 000 гадоў таму, стваралі геаметрычныя малюнкі, адбіткі рук і сляды пальцаў на сценах пячор. Гэтыя знаходкі зафіксаваныя ў трох іспанскіх пячорах — Ла-Пасьега, Мальтрав'есо і Ардалес, а таксама ў французскай Ла-Рош-Котар. Аналіз уран-торыевым метадам паказаў, што частка малюнкаў была зробленая больш як 64 000 гадоў таму, то бок задоўга да з'яўлення сучасных людзей у Еўропе.
У пячоры Брюнікель на паўднёва-захадзе Францыі неандэртальцы стваралі больш складаныя канструкцыі: ламалі сталактыты і будавалі з іх авальныя структуры, у якіх распальвалі агонь. Навукоўцы параўноўваюць гэта з праобразам інсталяцыйнага мастацтва.
Нядаўнія даследаванні ў Ла-Рош-Котар пацвердзілі, што хвалістыя і паралельныя лініі на сценах былі нанесены наўмысна. Паколькі ўваход у пячору закрыўся больш як 54 000 гадоў таму, а знойдзеныя прылады належаць неандэртальцам, сумневаў у іх аўтарстве не засталося.
Гэтыя адкрыцці канчаткова абвяргаюць міф пра «прымітыўнасць» неандэртальцаў. Навукоўцы мяркуюць, што падобныя малюнкі маглі адлюстроўваць усведамленне сябе і навакольнага свету — магчыма, першыя праявы ўяўлення ў старажытных людзей.