Арына Сабаленка трапіла пад санкцыі WTA
- 29.10.2025, 22:47
- 5,820
Беларуская тэнісістка страціла частку рэйтынгавых ачкоў.
Як паведамляе выданне Mirror, прычына санкцый, накладзеных на беларускую тэнісістку Арыну Сабаленку міжнароднай федэрацыяй WTA — парушэнне правілаў, якія абавязваюць спартсменак удзельнічаць як мінімум у шасці турнірах катэгорыі WTA 500 за сезон. Каб гэтае патрабаванне не выконваць, павінна быць паважная прычына, напрыклад, траўма.
Паколькі Сабаленка ў гэтым годзе патрабаванне не выканала, яна страціла 10 ачкоў на мінулым тыдні і яшчэ 120 пасля турніру ў Дубаі. Таксама ў яе забралі 400 ачкоў, заробленых на выніковым турніры WTA 2024 года.
Аналагічныя страты панесла і асноўная канкурэнтка Сабаленкі, польская тэнісістка Іга Свёнтэк, якая страціла больш за 170 ачкоў на іншых спаборніцтвах, а таксама 400 ачкоў з выніковага турніру.
Пад санкцыі трапілі і іншыя вядомыя тэнісісткі — амерыканкі Коры Гаўф, Аманда Анісімава і Мэдысан Кіз.
Нягледзячы на гэта, Арына Сабаленка застаецца ўпэўненай лідаркай у сусветным рэйтынгу WTA. Раней паведамлялася, што яна ўваходзіць у топ-30 самых запатрабаваных спартсменаў 2025 года і займае пятае месца ў спісе самых высокааплатных тэнісістаў свету.