FT назвала тры сцэнары, як ЗША могуць атакаваць рэжым «сябра Лукашэнкі»
- 29.10.2025, 23:23
- 4,068
Вашынгтон можа рыхтавацца да звяржэння венесуэльскага дыктатара Мадуры.
Эксперты апісваюць тры верагодныя сцэнары ваеннага ўмяшання ЗША супраць Венесуэлы, іх прыводзіць Financial Times. Паводле іх ацэнак, паўднёваамерыканская рэспубліка рыхтуецца да магчымай атакі, але яе ўзброеныя сілы знаходзяцца ў стане заняпаду.
З пачатку мінулага месяца ЗША патапілі не менш як 14 суднаў, якія падазраюцца ў наркагандлі, у выніку загінулі прынамсі 57 чалавек. Як піша газета, гэта выклікала сумневы ў сапраўдных мэтах аперацыі: нягледзячы на афіцыйныя заявы пра барацьбу з наркотыкамі, уключэнне ў склад групоўкі дэсантных караблёў і трох эсмінцаў нарадзіла здагадкі, што Вашынгтон можа рыхтавацца да звяржэння ўлады ў Венесуэле.
FT прыводзіць тры асноўныя сцэнары магчымых дзеянняў ЗША:
ракетна-беспілотныя ўдары па аб’ектах, звязаных з наркагандлем;
аперацыя па захопе прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры або яго найбліжэйшых паплечнікаў;
поўнамаштабнае ўварванне, аналагічнае аперацыі ў Панаме ў 1989 годзе, аднак яго верагоднасць ацэньваецца як нізкая.
Першы сцэнарый запатрабуе аслаблення супрацьпаветранай абароны краіны. З ім можа быць звязаная нядаўняя заява Мадуры пра тое, што Венесуэла мае 5 тыс. расійскіх комплексаў «Ігла-С». Аднак у прадухіленні дакладных удараў ЗША такое ўзбраенне можа аказацца бескарысным, сказаў былы супрацоўнік Дзярждэпартамента Эван Эліс і паставіў пад сумнеў праўдзівасць слоў Мадуры пра функцыянальнасць ракет.
Для правядзення аперацыі па захопе дыктатара або чыноўнікаў спатрэбіцца пранікнуць на буйную вайсковую базу, верагодна, з дапамогай MV Ocean Trader — карабля падтрымкі Сіл спецыяльных аперацый ЗША.
Ваенны аналітык і кіраўнік аналітычнага цэнтра Cries у Буэнас-Айрэсе Андрэй Сербін Понт адзначыў, што для рэалізацыі гэтага сцэнару місія павінна нейтралізаваць падраздзяленні цэнтральнага камандавання ў Каракасе, і амерыканскія вайскоўцы сутыкнуцца з «высокай канцэнтрацыяй сіл, боепрыпасаў і камандных структур».
Апытаныя аналітыкі таксама мяркуюць, што ўзброеныя сілы Венесуэлы, першапачаткова разлічаныя на ўнутраны кантроль, а не на адбіццё знешняй агрэсіі, да маштабнага канфлікту не гатовыя.
24 кастрычніка CNN паведаміў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае планы нападу на прадпрыемствы па вытворчасці наркотыкаў і маршруты наркатрафіку на тэрыторыі Венесуэлы. У той жа дзень рэспубліканец пагразіў Венесуэле ўдарамі па сушы з мэтай спыніць паток наркотыкаў у ЗША.