ШІ навучыўся прадказваць каханне
2- 3.10.2025, 23:55
- 2,988
Па сігналах мозгу.
Навукоўцы з Універсітэта Бэн-Гурыёна ў Ізраілі распрацавалі мадэль машыннага навучання, якая з умерана высокай дакладнасцю прадказвае пачуцці рамантычнай прыцягальнасці ў умовах, што імітуюць працу прыкладання для знаёмстваў. Праца апублікаваная ў часопісе Computers in Biology and Medicine (CBM).
У эксперыменце ўдзельнічалі 61 студэнт ва ўзросце ад 23 да 32 гадоў. Падчас прагляду фотаздымкаў патэнцыйных партнёраў іх мазгавая актыўнасць фіксавалася з дапамогай электраэнцэфаляграфіі (ЭЭГ). Удзельнікі адзначалі, хто ім падабаецца, а потым атрымлівалі «зваротную сувязь» — нібыта ацэнку з боку тых, хто ім спадабаўся (насамрэч яна была імітаваная). Гэта дазволіла ўзнавіць ключавы механізм прыкладанняў для знаёмстваў: прыцягненне і магчымую адмову.
Алгарытмы машыннага навучання аналізавалі электрычныя адказы мозгу — так званыя выкліканыя патэнцыялы. Мадэлі прадказвалі рэакцыю ўдзельнікаў на прыцягненне з дакладнасцю 71,3%, а на адмову — з дакладнасцю 81,3%. Пры гэтым у «пераборлівых» удзельнікаў, якія адзначалі прывабнымі менш людзей, алгарытмы спраўляліся лепш, што, на думку аўтараў, звязана з больш выразнымі і характэрнымі нейронавымі сігналамі.
«Аналізуючы ЭЭГ-сігналы, мы можам прадказаць дзеянні карыстальніка ў прыкладаннях для знаёмстваў — напрыклад, ці вырашыць ён “свайпнуць управа” або ўлева. Гэта дае разуменне эмоцый: ці лічаць яны кагосьці прывабным або перажываюць негатыўныя пачуцці, звязаныя з адмовай», — адзначылі аўтары працы.