«Франкенштэйн» атакуе Еўропу
2- 4.10.2025, 8:32
- 18,444
Што вядома пра новы варыянт COVID-19.
У Еўропе імкліва распаўсюджваецца новы варыянт COVID-19 пад назвай «Франкенштэйн», які адзначаецца павышанай заразнасцю і выклікае непакой сярод медыкаў.
Пра гэта паведамляе (SRF https://www.srf.ch/news/dialog/neue-virus-variante-neue-covid-19-variante-frankenstein-breitet-sich…
Паводле даных Еўрапейскага цэнтра па прафілактыцы і кантролі захворванняў (ECDC), ужо на пачатку верасня новы варыянт каранавіруса XFG, які атрымаў неафіцыйную назву «Франкенштэйн», складаў больш за 80% новых зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 на кантыненце, фактычна стаў дамінантным штамам.
Інфекцыяніст Алесандра Дыяна, эксперт інфармацыйна-вакцынацыйнай платформы InfoVac, у інтэрв’ю швейцарскаму тэлебачанню RTS патлумачыў, што новы варыянт з’яўляецца спалучэннем двух падварыянтаў «Амікрона». Паводле яго слоў, людзі, якія цяпер маюць сімптомы, падобныя да прастуды — боль у горле, ламата ў целе, насмарк — цалкам могуць быць інфікаваныя менавіта гэтым варыянтам COVID-19.
Нягледзячы на павышаную заразнасць, варыянт XFG не лічыцца больш небяспечным, чым папярэднія штамы. Сімптомы застаюцца падобнымі да тыповай рэспіраторнай інфекцыі: насмарк, боль у горле, боль у цягліцах і агульнае нядужанне.
Дыяна супакойвае: наяўныя вакцыны застаюцца эфектыўнымі супраць «Франкенштэйна». Аднак прышчэпкі пакуль рэкамендаваныя перадусім для людзей з груп рызыкі — асоб старэйшых за 65 гадоў, людзей з хранічнымі захворваннямі і цяжарных.
«У сферы грамадскага здароўя нас перадусім цікавіць нагрузка на сістэму. Цяпер бальніцы не перагружаныя, сітуацыя кантралюемая», — падкрэсліў эксперт.
Дарэчы, лекары адзначаюць, што COVID-19 усё больш набывае сезонны характар, падобны да грыпу. Вакцынацыя адныне адбываецца па аналагічным прынцыпе — з акцэнтам на абарону ўразлівых груп насельніцтва ў перыяды сезонных усплёскаў.