Паблізу НПЗ у Цюмені ўпалі тры дроны
3- 6.10.2025, 21:18
- 5,324
НПЗ знаходзіцца на адлегласці 2000 км ад Украіны.
Увечары 6 кастрычніка ў прамысловай зоне Цюмені, у мікрараёне Анціпіна, былі «знешкоджаныя» тры беспілотнікі, паведамілі ў тэлеграм-канале рэгіянальнага ўрада. «Тры БПЛА выяўленыя і знешкоджаныя на тэрыторыі прадпрыемства ў мікрараёне Анціпіна горада Цюмені», — гаворыцца ў паведамленні. Паводле ўладаў, спецыялісты экстранных службаў, што прыбылі на месца здарэння, «папярэдзілі дэтанацыю беспілотнікаў». Ніхто не пацярпеў, пажару і выбухаў удалося пазбегнуць, запэўніла адміністрацыя, дадаўшы: «Усе прадпрыемствы ў гэтым раёне працуюць у штатным рэжыме і не спынялі сваю працу».
Відавочцы ў сацыяльных сетках выказалі здагадку, што пад атаку трапіў цюменскі нафтаперапрацоўчы завод (НПЗ), які належыць ТАА «Русінвест», адлегласць ад якога да мяжы з Украінай — каля 2000 км. Мясцовыя жыхары выклалі відэазапісы з пажарнымі машынамі, якія рухаліся з уключанымі сігнальнымі маячкамі. Таксама людзі паведамлялі пра два выбухі. «Штосьці жахнула ў Анціпіне! Хуткія, пажарныя ляцяць у бок НПЗ. Нашы падпісчыкі паведамляюць, што праехала ўжо больш за восем пажарных машын», — паведамляў тэлеграм-канал «ЧП Тюмень». НПЗ Цюмені вырабляе аўтамабільныя бензіны і дызельнае паліва стандарту Еўра-5, БГС, СУГ, а таксама тэхнічную грануляваную серу, нафтавы кокс і шэраг іншых прадуктаў нафтаперапрацоўкі, як вынікае з дадзеных адкрытых крыніц.
Жыхары Цюмені таксама паведамілі пра праблемы са сувяззю і мабільным інтэрнэтам у раёне Анціпіна, паведамляе Ura.ru. Паводле даных МНС рэгіёна, інфармацыя пра пажар у прамысловай зоне не пацвердзілася. «Пажару на тэрыторыі прадпрыемстваў у гэтым раёне няма. Сітуацыя пад кантролем», — таксама заявілі ў ўрадзе. У Мінабароны РФ пра адбіццё атак на Цюменскую вобласць не паведамлялі.
З пачатку кастрычніка ад удараў дронаў ЗСУ пацярпелі Туапсінскі НПЗ «Роснефть», «Орскнефтеоргсинтез» у Арынбургскай вобласці, а таксама «Кинеф» пад Санкт-Пецярбургам. Таксама адбыўся пажар на заводзе «Славнефть-ЯНОС» у Яраслаўлі. НПЗ у Ленінградскай вобласці ў выніку атакі быў вымушаны спыніць перапрацоўку нафты на галоўнай устаноўцы (АВТ-6), на якую прыпадае 40% яго магутнасці.