Новая прэм’ер-міністрка Літвы здзейсніла першы замежны візіт ва Украіну
3- 6.10.2025, 21:33
- 4,558
Пра што яна гаварыла з Зяленскім?
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў у Facebook 6 кастрычніка, што правёў сустрэчу з новай прэм’ер-міністркай Літвы Інгай Ругінене.
«Гэта яе першы замежны візіт, і вельмі каштоўна, што менавіта ва Украіну. Сапраўдны знак падтрымкі», — напісаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Паводле слоў Зяленскага, яны з Ругінене «гаварылі пра ўсё, што цяпер крытычна важна» — пра далейшую абаронную дапамогу Украіне, сумесную вытворчасць узбраення і інвестыцыі ва ўкраінскі абаронна-прамысловы комплекс.
«Асобна — пра энергетыку. Наперадзе зіма, і Расія толькі нарошчвае паветраны тэрарызм, удары па нашых гарадах. Таму ўзмацненне нашай супрацьпаветранай абароны з’яўляецца прыярытэтным пытаннем», — падкрэсліў прэзідэнт.
Акрамя таго, Зяленскі і Ругінене абмеркавалі ўдзел Літвы ў аднаўленні Украіны і дапамогу ў будаўніцтве сховішчаў у школах і дзіцячых садках.
«Гатоўнасць Літвы зрабіць уклад у ініцыятыву PURL і далучыцца да праграмы SAFE важная. Цэнім гэта. І ўдзячныя за комплексную падтрымку Украіны з боку Літвы. Ваенная дапамога, салідарнасць у кааліцыі па размініраванні, актыўны ўдзел у кааліцыях дронаў, СПА, РЭБ, артылерыйскай і ІТ — усё гэта значна ўзмацняе наш народ у абароне», — адзначыў украінскі прэзідэнт.
Украіна сёння не толькі на перадавой абароны свабоды, але і інавацый у ваеннай прамысловасці, — заявіла Ругінене, якую цытуе сайт урада Літвы.
Таму Літве і ўсёй Еўропе ёсць чаму павучыцца ў Украіны, — дадала Ругінене.
Паведамляецца, што падчас візіту ў Кіеў літоўская прэм’ер-міністрка сустрэлася з Зяленскім, старшынём Вярхоўнай Рады Русланам Сцяфанчуком, а разам з міністрам абароны Украіны Дзянісам Шмыгалём павіншавала ўдзельнікаў форуму абаронных індустрый.
«Украіна паказала, як, нягледзячы на вайну, можна скараціць шлях абаронных інавацый — ад ідэі да прадукту, што даказаў сваю каштоўнасць на полі бою. Мы бачым велізарнае значэнне дронаў і сродкаў супрацьдзеяння дронам, а таксама высокі ўзровень магчымасцяў Украіны ў гэтай сферы. Аб’яднаўшы гэтыя магчымасці, рэсурсы і досвед, мы ўмацуем нашу непадзельную бяспеку — як Украіны, так і ўсёй Еўропы», — адзначыла Ругінене.
У ходзе яе сустрэч у Кіеве таксама абмяркоўваліся актуальныя патрэбы падтрымкі Украіны і яе еўраінтэграцыйнага прагрэсу.