Цэна на золата б’е рэкорды з 1979 года
- 7.10.2025, 7:54
- 2,344
На тле падзей у ЗША.
Цэны на золата імкліва растуць і набліжаюцца да $4 000 за унцыю — упершыню з 1979 года, на тле палітычнай нестабільнасці і ўрадавага шатдаўну ў ЗША.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на Bloomberg.
Сусветныя цэны на золата ізноў абнавілі гістарычны рэкорд, наблізіўшыся ўшчыльную да адзнакі $4 000 за тройскую унцыю, на тле росту попыту на надзейныя актывы з-за частковага прыпынення працы ўрада ЗША (шатдаўн) і няпэўнасці адносна будучай палітыкі Федэральнай рэзервовай сістэмы.
На адкрыцці таргоў у аўторак кошт золата вырас яшчэ на 0,4% — да $3 976,25 за унцыю, пасля скачка на 1,9% днём раней. Інвестары шукаюць абарону ў каштоўных металах, бо прыпыненне працы федэральных структур пазбавіла рынкі важных макраэканамічных дадзеных, неабходных для ацэнкі стану амерыканскай эканомікі. Гэта ўскладняе працу Федэральнай рэзервовай сістэмы, якая рыхтуецца да чарговага пасяджэння напрыканцы кастрычніка.
Трэйдары цяпер закладваюць у цэны верагоднасць зніжэння ключавой стаўкі ФРС на чвэрць пункта ўжо ў гэтым месяцы, што патэнцыйна яшчэ больш падтрымае рост цэн на золата, бо яно не прыносіць працэнтаў і становіцца больш прывабным у перыяды мяккай манетарнай палітыкі.
З пачатку 2025 года золата падаражэла больш чым на 50%, дэманструючы шэраг гістарычных максімумаў. Калі бягучая тэндэнцыя захаваецца, гэта будзе найбольшы гадавы рост з 1979 года. Аналітыкі тлумачаць ралі актыўнымі закупкамі золата цэнтрабанкамі і павелічэннем аб'ёмаў інвестыцый у залатыя ETF-фонды пасля аднаўлення цыклу зніжэння ставак у ЗША.
На спотавым рынку ў Сінгапуры а 6:41 раніцы па мясцовым часе золата гандлявалася на ўзроўні $3 961,33 за унцыю, амаль без змяненняў. Індэкс Bloomberg Dollar Spot знізіўся на 0,1%, што таксама падтрымала попыт на каштоўны метал.
Срэбра заставалася стабільным пасля росту на 1,6% у папярэдняй сесіі — да $48,77 за унцыю, што ўсяго на долар менш за гістарычны максімум з 1993 года. Цэны на плаціну і паладый таксама выраслі.