8 снежня 2025, панядзелак, 10:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парадоксы лукашыстаў

2
Парадоксы лукашыстаў

Чым больш падзежу скаціны, тым аптымістычней прамовы чыноўнікаў.

Старажытнае Заслаўе, якое адзначае сёлета сваё 1040-годдзе, зрабілі сталіцай абласных «Дажынак». Для тых, хто здзівіўся, — улады даўно практыкуюць сумяшчэнне несумяшчальнага.

Так, у 2002-м пад сценамі Мірскага замка падчас святкавання Дня беларускага пісьменства пад дым шашлыкоў уручалі прэміі лепшым аграрыям раёна.

А праз тры гады ў Лідзе чыноўнікі пайшлі далей, скрыжаваўшы «Дажынкі» з фестывалем сярэднявечнай культуры «Замак Гедыміна». Пасля гэтага рыцары сталі частымі гасцямі фестывалю аграрыяў. Дарэчы, у Заслаўі сёлета таксама ўладкавалі рыцарскі турнір пасярод свята ўраджаю.

У апошнія гады ў святочную афішу «Дажынак», дзён горада і фестывалю пісьменства дадалі выбухі і страляніну — пераможабессе стала абавязковым элементам культурна-масавых мерапрыемстваў.

Калі хто забыўся, тыя ж «Дажынкі» дзесяць гадоў таму сышлі з вялікай сцэны, але пасля падзей 2020-га зноў святкуюцца з пампай у кожнай вобласці, кочуючы з райцэнтра ў райцэнтар.

Паспрабуем разабрацца, навошта ўладам спатрэбіўся эксперымент са святочнымі фарматамі даўжынёй у дзесяцігоддзі. А таксама паразважаем пра тое, што нясе ў сабе практыка прызначэння гарадоў і пасёлкаў чарговай сталіцай чарговага фестывалю.

Не хлеба, дык відовішчаў

З першага погляду мы назіраем парадаксальную сітуацыю: чым менш бульбы і яблык на паліцах крамаў, тым ярчэй салюты на абласных «Дажынках». Чым больш падзежу скаціны, тым аптымістычней прамовы чыноўнікаў, якія натхнёна прыўпрыгожваюць рэчаіснасць аповедамі пра «выдатныя вынікі» беларускіх аграрыяў.

У гэтым і палягае адна з функцый пышных святкаванняў: унушыць людзям, што яны ў бяспецы — у той самай, харчовай. «Галоўнае — накарміць народ» — як мантру чацвёрты дзесятак гадоў паўтарае кіраўнік.

Паказальна, што ўвесь гэты дажыначны банкет за кошт бюджэту адбываецца на фоне ўсыхання магчымасцяў дзяржавы, якая дзесяцігоддзямі называла сябе сацыяльнай.

Так, на новую плітку ў Белаазёрску яшчэ хапае, а на дарогі, па якіх псеўдапатрыёты ўладкоўваюць прапагандысцкія заезды, ужо не. Як і на асфальт для жыхароў вёсачкі пад Баранавічамі.

І тут мы можам успомніць старажытны прынцып, які ва ўмовах сённяшняй Беларусі, што на вачах страчвае здольнасць вырошчваць бульбу, можна сфармуляваць па-новаму: не хлеба, дык відовішчаў.

Ударым аграгламуром па гістарычнай памяці

Спроба змяшаць у адной бутэлцы свята ўраджаю і рыцарскі турнір не выглядае такой ужо абсурднай, калі паглядзець на ўсё вачыма тых, хто гадамі перашкаджае росту нацыянальнай самасвядомасці ў беларусаў.

Першыя фестывалі сярэднявечнай культуры ў Навагрудку і Нясвіжы на мяжы 90-х і нулявых збіралі дзясяткі тысяч гасцей. І гэта не магло не насцярожыць уладу, што зрабіла стаўку на саюз з Расіяй і вяртанне да савецкіх практык.

Не выключана, што менавіта таму неўзабаве «Дажынкі» ператварыліся ў карнавал, які ўмяшчае ў сябе і традыцыйныя падворкі а-ля вёска, і сцэны з народнымі калектывамі ўперамешку з прыдворнай папсай, і рыцарскія бугурты.

А цяпер у праграму сталі ўключаць яшчэ і рэканструкцыі баёў часоў Другой сусветнай вайны, прызначаныя распальваць нянавісць да палякаў і іншых «нашчадкаў нацызму».

І тут не трэба шукаць глыбінных сэнсаў — людзі, якія ўтрымліваюць уладу, выкарыстоўваюць любую зручную нагоду, каб дадаткова прамыць мазгі суграмадзянам — хоць ушанаванне хлебаробаў, хоць Дзень пісьменства.

Як беларусам адмаўляюць у самастойнасці

Уявіце на хвіліну сітуацыю: вам ужо за 40, але вашы бацькі працягваюць дыктваць, у што апранацца і якія шпалеры клеіць у вашай кватэры. Гучыць недарэчна?

Так, але менавіта так паводзяць сябе ўлады, прызначаючы штогод «сталіцай Дажынак» чарговы райцэнтр, не пытаючыся ў яго жыхароў, ці хочуць яны перажыць год аўральных рамонтаў.

Ці многія жыхары Заслаўя марылі ў год 1040-годдзя іх горада менавіта пра «Дажынкі»? Вялікае пытанне, што б яны адказалі на гэта, калі б хтосьці іх пра гэта спытаў. Як і жыхары Белаазёрска або Крычава.

Але ў простых беларусаў даўно ніхто нічога не пытаецца. Іх проста ставяць перад фактам, адсоўваючы ўбок ад прыняцця рашэнняў, якія непасрэдна закранаюць іх жыццё.

І потым мы чытаем у прыдворнай прэсе пра тое, як улады «падарылі» Крычаву, Чашнікам і Заслаўю новыя тратуары і дарогі, патраціўшыся на гэта з нашага агульнага бюджэту.

І зноў усё лагічна з пазіцыі тых, для каго мясцовае самакіраванне, выбраныя, а не прызначаныя, мэры, магчымасць людзей вырашаць лёс сваіх гарадоў без умяшання «памочнікаў прэзідэнта» — як чорту ладан.

Пяць гадоў таму беларусы даходліва прадэманстравалі, што «падраслі» і гатовыя браць на сябе адказнасць за сваю будучыню. Бяда ў тым, што «бацькі» аказаліся прынцыпова не гатовыя да гэтага.

Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках