Украіна ў дзень нараджэння Пуціна нанесла адзін з самых масіраваных удараў па Расіі
22- 7.10.2025, 21:08
- 41,794
Работа аэрапортаў паралізаваная.
Узброеныя сілы Украіны (ЗСУ) арганізавалі адзін з самых масіраваных нападаў дронаў на Расію ў дзень нараджэння прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, паведамляе The Moscow Times.
У ноч на 7 кастрычніка над тэрыторыяй Расіі было «перахоплена і знішчана» 184 украінскія беспілотнікі самалётнага тыпу, паведаміла Мінабароны РФ. Больш за ўсё дронаў збілі над Курскай (62), Белгародскай (31), Ніжагародскай (30) і Варонежскай (18) вобласцямі. Таксама беспілотнікі былі знішчаныя над Ліпецкай, Калужскай, Тульскай, Растоўскай, Разанскай, Бранскай, Арлоўскай вобласцямі, над акупаваным Крымам і акваторыяй Чорнага мора.
Раніцай адбылася яшчэ адна хваля дронаў. Паводле звестак Мінабароны РФ, з 7 да 8 гадзін былі збітыя 25 беспілотнікаў, большасць з якіх — над акваторыяй Чорнага мора. Яшчэ шэсць — над Ніжагародскай вобласцю і тры — над Маскоўскай вобласцю. Такім чынам, усяго за дзевяць гадзін ЗСУ атакавалі Расію 209 беспілотнікамі. Гэта адзін з самых масіраваных налётаў украінскіх дронаў за ўвесь час вайны. Напярэдадні ваеннае ведамства рапартавала пра знішчэнне 251 дрона ў ноч на 6 кастрычніка, аднак 62 з іх былі перахоплены над Чорным морам. Рэкардная колькасць выпушчаных па цэлях у Расіі беспілотнікаў была зафіксаваная 11 сакавіка 2025 года — тады расійскае ваеннае ведамства адрапартавала пра знішчэнне 337 апаратаў.
Пра наступствы начной атакі паведаміў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў. У Старым Асколе ў выніку падзення абломкаў быў пашкоджаны шматкватэрны дом і 20 аўтамабіляў, ніхто не пацярпеў. Кіраўнік Ніжагародскай вобласці Глеб Нікіцін заявіў пра атаку на прамысловую зону Дзяржынска. «Адбылося падзенне абломкаў на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў, істотнай шкоды прамысловай інфраструктуры не зафіксавана», — адзначыў Нікіцін. Таксама абышлося без ахвяр.
У Варонежскай вобласці збіты дрон пашкодзіў сеткі кацельні і прыватны дом. «Паводле папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма», — паведаміў губернатар Аляксандр Гусеў. У Ельцы Ліпецкай вобласці падчас атакі быў пашкоджаны аўтамабіль і прыватны дом, ніхто не пацярпеў, адзначыў губернатар Ігар Артамонаў. Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў пра знішчэнне аднаго дрона, які ляцеў на сталіцу. Ён удакладніў, што на месцы падзення абломкаў працуюць спецыялісты аварыйных службаў.
Уначы ў аэрапортах Валгаграда, Калугі, Ніжняга Ноўгарада і Яраслаўля ўводзілі часовыя абмежаванні на выпуск і прыём паветраных суднаў. Акрамя таго, раніцай абмежаванні былі ўведзеныя ў аэрапортах Сочы і Геленджыка.
7 кастрычніка Пуцін адзначае свой дзень нараджэння. У 2025 годзе яму споўнілася 73 гады.