У Беларусі ўводзяць новае валютнае абмежаванне
7- 7.10.2025, 16:43
- 20,116
Застаўся толькі падпіс Лукашэнкі.
«Савет Рэспублікі» 7 кастрычніка адобрыў законапраект, якім маюць намер абмежаваць пазыкі паміж фізічнымі асобамі ў замежнай валюце. Выключэнне — блізкія сваякі. Далей законапраект павінны накіраваць на разгляд Аляксандру Лукашэнку.
Законапраектам хочуць абмежаваць пазыкі паміж фізічнымі асобамі ў замежнай валюце. Выключэнне — блізкія сваякі. Таксама ўлады маюць намер забараніць выдаваць пазыкі насельніцтву пад заклад адзінага жылога дома або кватэры. Яшчэ адна магчымая навіна — увесці абмежаванні на штрафныя санкцыі і працэнты за карыстанне пазычанымі грашамі (ідзецца пра дамовы пазыкі паміж фізічнымі асобамі).
Чыноўнікі таксама хочуць забараніць індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, якія не займаюцца мікрафінансавай дзейнасцю, выдаваць крэдыты фізічным асобам. Выключэнне маюць намер зрабіць для пазыкаў, якія наймальнікі выдаюць сваім работнікам.
Таксама ўлады маюць намер увесці забарону на выкарыстанне ў рэкламе рэкламадаўцамі, якія не з'яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, у тым ліку ў іх найменнях, слоў «пазыка», «мікрапазыка», «мікрафінансаванне», «грошы ў доўг» або вытворных ад гэтых слоў, — паведамілі ў «Савеце Рэспублікі».
«Прыняцце нормаў, устаноўленых законапраектам, будзе спрыяць узмацненню барацьбы з недабрасумленнымі пазыкадаўцамі, абароне правоў і маёмасных інтарэсаў грамадзян, а таксама скараціць колькасць зваротаў, якія змяшчаюць скаргі на неякаснае аказанне паслуг», — дадалі ў «Савеце Рэспублікі».