«Асфальт — немэтазгодны»
5- 7.10.2025, 16:19
- 3,780
Беларуска паказала, як тры гады дамагаецца ад чыноўнікаў рамонту дарогі.
Жыхарка вёскі Смагорын Рэчыцкага раёна Святлана распавяла, як тры гады дамагаецца рамонту дарогі і моста праз раку Іўня. Яна паказала ў TikTok стан пераправы і стос дакументаў. Паводле яе слоў, перапіска з уладамі пачалася яшчэ ў 2022 годзе, піша «Зеркало».
— Вось у такім стане наш мост, — кажа жанчына на відэа. — У 2025 годзе сказалі, што будуць рамантаваць, але пакуль ніякіх падрыхтоўчых работ не відаць. А ўжо сярэдзіна верасня.
Таксама Святлана прадэманстравала папку з дакументамі:

— Вось падшыўка — перапіска з органамі ўлады Рэспублікі Беларусь наконт гэтай дарогі. Перапіска з 2022 па 2023 год.
У стосе — калектыўны зварот ад жыхароў вёскі, а таксама лісты з абласной адміністрацыі, аўтапарка і ДРСУ.
— Нашы зносіны зацягнуліся ўжо на тры гады, пакуль безвынікова, — адзначае яна.
У апошнім адказе ад Гомельскага аблвыканкама гаворыцца, што пакрыццё праязной часткі адпавядае патрабаванням бяспекі дарожнага руху — праезд транспарту забяспечаны.
Згодна з дакументам, у вёсцы Смагорын пастаянна пражывае 69 чалавек. Улады лічаць, што ўладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця на гэтай дарозе немэтазгодна. Замест гэтага ДРСУ № 114 будзе падтрымліваць дарогу ў належным стане — рабіць грэйдаванне і пры неабходнасці падсыпку. Апошні бягучы рамонт пакрыцця праводзіўся ў 2020 годзе. Пасля гэтага двойчы праводзілі грэйдаванне — то бок выраўноўвалі дарогу грэйдарам.
Гомельскі аблвыканкам пісаў, што мост праз раку Іўня паводле вынікаў дыягностыкі знаходзіцца ў задавальняльным стане, а яго планавы рамонт адбудзецца ў 2025 годзе.
— Пакуль нейкіх падрыхтоўчых работ па рамонце не бачна, а ўжо верасень, — кажа Святлана.
@yakush_svetlana Дарога да вёскі Смагорын Рэчыцкага раёна ў дрэнным стане. Рамонт моста не пачаты. Машыны ламаюцца. Людзі ў Чарнобыльскай зоне дыхаюць пылам. Чакаем рашэння ўладаў наконт рамонту і ўкладкі асфальту ў сельскай мясцовасці...
♬ арыгінальны гук — Святлана на дачы