8 снежня 2025, панядзелак, 10:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі аддаваць Расіі, бензіну можа ўжо не хапіць Беларусі

6
Калі аддаваць Расіі, бензіну можа ўжо не хапіць Беларусі

Пастаўкі паліва ў РФ могуць ударыць па саміх беларусах.

Кажуць, зарыва пажару на нафтабазе ў Феадосіі было відаць за дзясяткі кіламетраў. Ну дык, а як не ўбачыць? Гэта ж найбуйнейшая нафтабаза ў Крыме. А літаральна нядаўна акупацыйны адміністратар Крыму тлумачыў, што яны звозяць адусюль бензін, каб вырашыць праблему дэфіцыту. Вось куды звезлі, там яно і згарэла.

І, вядома, не нафтабазай адзінай радуецца ўкраінскі дрон. Нафтабаза — гэта так, драбяза, лёгкая закуска. Кажуць, што з жніўня Украіна вывела з ладу то 17, то 23 працэнты магутнасцяў расійскіх НПЗ.

І цяпер зламаныя НПЗ — гэта ўжо не толькі чэргі на запраўках і бензін па талонах. Цяпер зламаныя НПЗ — гэта праблема глабальнага характару.

Бо калі бензін даражэе, гэта дрэнна ўплывае на інфляцыю. А калі бензіну няма, то руйнуецца ўся ўнутраная лагістыка. Адна справа, калі па заводзе прыляцела адзін раз. Тады яго можна адрамантаваць і далей радавацца жыццю. Але прылятае ж пастаянна.

І атрымліваецца, што рамантаваць бессэнсоўна. Усё роўна, як толькі адрамантуеш, яго зламаюць ізноў. І калі месяц таму ў расійскіх уладаў былі ілюзіі, што ўсё гэта хутка скончыцца, дык цяпер у выніку скончыліся толькі ілюзіі. А ўдары па расійскіх НПЗ скончацца не збіраюцца.

Вядома, расійскім уладам трэба нешта з гэтым рабіць. А што зробіш? А нічога. Таму расійскія ўлады робяць выгляд. Вось расійскі віцэ-прэм'ер Новак напісаў, што ён збіраецца купляць штомесяц па 300 тысяч тон бензіну ў Беларусі. І гэта, вядома, гучыць вельмі ўнушальна. Але ёсць нюанс.

Бо 300 тысяч тон бензіну на месяц — гэта такая амбіўалентная лічба. Для Атоса гэта занадта шмат, а для графа дэ ла Фэр — занадта мала. Бо ў месяц Расія летась вырабляла 3,4 мільёна тон бензіну.

То бок, паводле мінімальнай ацэнкі, яна ўжо страціла 580 тысяч тон бензінавай вытворчасці ў месяц. А паводле максімальнай — амаль 800 тысяч. То бок беларускага бензіну на ўвесь расійскі дэфіцыт не хопіць.

Затое, калі аддаваць Расіі па 300 тысяч тон бензіну штомесяц, то бензіну можа ўжо не хапіць нам самім. Бо на максімуме Беларусь вырабляла каля 350 тысяч тон бензіну. А нам самім у месяц трэба 90–100 тысяч тон.

Калі загрузіць два беларускія НПЗ напоўніцу і распячатаць запасы, то пару месяцаў мы, можа, і патрымаемся. Але хто сказаў, што праз пару месяцаў не стане яшчэ горш.

І я ўжо не кажу пра тое, што некаторым увогуле ніколі не хацелася прадаваць свой бензін у Расію. Бо куды заўгодна, апроч Расіі, гэты бензін можна прадаць значна даражэй. А цяпер атрымліваецца, што на «прадаць куды даражэй» бензіну ўвогуле не застанецца. І добра, калі яго застанецца хаця б сабе.

Але адмовіць Путіну, калі той папросіць, гарант, у якога сканчаецца тэрмін паўнамоцтваў, вядома, не ў стане. Калі адмовіць Путіну, тады ні экспарту не застанецца, ні бензіну. Ды і гарантыі могуць раптам скончыцца.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках