«Як гэта можна шыць на замову?»
4- 7.10.2025, 17:20
- 13,638
Беларуска стварае аўтарскую ніжнюю бялізну для кліентак з усёй Еўропы.
Камплекты бялізны, пашытыя Дар’яй, носяць у Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Англіі. Жанчыны з розных краін самі здымаюць меркі паводле інструкцый ад беларускай майстрыні і высылаюць майстрыхе. У краме набыць камплект хутчэй, ды і танней, таму спачатку такая прапанова выклікала здзіўленне, асабліва ў Польшчы, дзе цяпер жыве дзяўчына. Але з часам кліенткі ацанілі такую магчымасць. MOST паразмаўляў з Дар’яй пра тое, чаму яна занялася шыццём у эміграцыі і навошта жанчынам бялізна, пашытая на замову.
Дар’я захапілася шыццём пасля пераезду ў Польшчу — шэсць гадоў таму. Пачынала з піжамаў, але амаль адразу зразумела, што займацца жаночай ніжняй бялізнай ёй цікавей. Тады ў інтэрнэце дзяўчына знайшла бясплатныя курсы і пачала вучыцца. Потым прайшла яшчэ адно анлайн-навучанне — і пачала ствараць бялізну.
— Аднойчы на [сайце аб’яваў] Olx я ўбачыла машынку, якая мне спадабалася. Але аказалася, што яна ўжо зарэзерваваная. Тады падумала, што, калі мне суджана шыць, я ўсё адно яе куплю. Так і атрымалася, — успамінае Дар’я.

За машынку дзяўчына аддала 250 злотых, і нейкі час гэта было адзінае абсталяванне, з дапамогай якога Дар’я стварала вырабы. Потым з’явіўся оверлок — машына, якая апрацоўвае край вырабу, каб ён быў акуратным.
— На самай справе важней тэхніка шыцця, а не сама машына, — перакананая Дар’я.
Калі хочацца модных адценняў, матэрыялы вязуць з Беларусі
Спачатку беларуска аддавала вырабы па сабекошце: ёй проста патрэбныя былі мадэлі, каб патрэніравацца. А пасля з’явіліся і сапраўдныя кліенткі.
— Шмат каму падабалася, што карункі розных колераў. Напрыклад, фіялетавыя або сінія — такое ў краме рэдка сустрэнеш, — адзначае беларуска. — Колер гумак, карункаў і сеткі павінен супадаць — тон у тон. У Польшчы можна набыць у чорных, бэжавых, чырвоных адценнях. Але калі хочацца цікавых колераў, напрыклад моднага цяпер шакаладнага адцення, прашу, каб матэрыялы мне везлі з Беларусі. Часам некаторыя матэрыялы замаўляю ў украінскіх вытворцаў.
Кошт камплекта залежыць ад памеру і складанасці, але ў сярэднім выходзіць 260–300 злотых. Палову гэтай сумы складае кошт расходных матэрыялаў.
«Полькі здзіўляюцца: як гэта можна шыць бялізну?»
Выбар трусаў і бюстгальтараў у мас-маркеце цяпер вельмі шырокі, але большая частка прадукцыі шыецца па стандартных лекалах. Яны не ўлічваюць фізіялагічныя асаблівасці некаторых пакупніц.
— Адзін з самых частых запытаў сярод дзяўчат: яны не могуць падабраць бялізну, або яна нязручная. А калі прыходзяць да мяне, просяць пашыць выраб, які будзе і прыгожым, і камфортным, — распавядае беларуска.
Спачатку Дар’я здымае з кожнай кліенткі меркі. Некаторыя дзяўчаты прыходзяць да беларускі дадому. Тыя, хто жыве ў іншых гарадах або краінах, здымаюць меркі самастойна, кіруючыся інструкцыяй ад беларускай майстрыні.
Такія прапановы ў Польшчы — рэдкасць. Дар’я вывучала рынак і знайшла ўсяго некалькіх майстрыц.

— Полькі здзіўляюцца: як гэта можна шыць бялізну? Ім гэта цікава, — усміхаецца дзяўчына.
Тым не менш найчасцей бялізну ў майстрыцы замаўляюць менавіта польскія кліенткі. Прычым тыя, што жывуць не толькі ў Польшчы, але і ў іншых еўрапейскіх краінах.
— Ад іх былі заказы з Германіі, Нідэрландаў, Лондана, — кажа Дар’я.
Спаліла гатовы камплект — давялося шыць нанова
Час на пошыў адной мадэлі залежыць ад памеру. Беларуска прызнаецца, што з малымі памерамі працаваць прасцей — у працэсе ўзнікае менш нюансаў.
— Для вялікіх грудзей я спачатку шыю баваўняны макет. Потым глядзім, як ён сядзіць і выглядае на дзяўчыне. Затым уношу невялікія праўкі і адшываю бялізну ўжо з карункаў. На гэта сыходзіць каля васьмі гадзін.
Каб бюстгальтар утрымліваў пышныя грудзі, акрамя дэкаратыўных карункаў Дар’я падшывае стабілізуючую сетку.
— У бялізне шмат маленькіх, незаўважных швоў. А сам матэрыял тонкі і вельмі слізкі — карункі «ўцякаюць». Проста прышыць гумку да кавалка матэрыялу таксама нельга, трэба разумець каэфіцыент нацягнення. Тут важна набіць руку.
Дар’я прызнаецца, што адзін з самых непрыемных працэсаў — распарыванне гатовага вырабу. Гэта доўгая і карпатлівая праца.
— А яшчэ з карункамі трэба быць вельмі акуратнай. Аднойчы трэба было проста адпрасаваць гатовы камплект. Я яго спаліла. Было вельмі сумна і крыўдна — давялося шыць нанова.
«Утульная дзяўочая майстэрня з карункамі і кавай»
Пошыў бялізны — не асноўная крыніца даходу Дар’і, яна таксама працуе ў офісе. Заробак ад вырабаў вагаецца, таму пакуль яна працуе ў форме незарэгістраванай дзейнасці — гэта магчыма, калі даход не перавышае 75% мінімальнай заработнай платы. Да нараджэння дзіцяці Дар’я шыла да 20 камплектаў у месяц, выходзіла, што беларуска працавала амаль без выходных. Калі ў сям’і з’явілася дзіця, часу на стварэнне бялізны ў дзяўчыны стала менш.
Тым не менш Дар’я марыць адкрыць майстэрню, куды кліенткі маглі б прыходзіць, каб здымаць меркі і купляць гатовыя камплекты.
— Спадзяюся, у будучыні гэта будзе мая паўнацэнная праца — утульная дзяўочая майстэрня ў цэнтры горада з карункамі і кавай, — усміхаецца яна.
«Як гэта можна шыць на замову?» Беларуска стварае ніжнюю бялізну для кліентак з усёй Еўропы
Камплекты бялізны, пашытыя Дар’яй, носяць у Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Англіі. Жанчыны з розных краін самі здымаюць меркі паводле інструкцый ад беларускай і высылаюць майстрыхе. У краме набыць камплект хутчэй...