Еўракамісія ужорстніла ўмовы імпарту сталі ў ЕС
- 7.10.2025, 19:27
- 2,142
Пошліны павысілі з 25 да 50%.
Еўрапейская камісія прыняла рашэнне скараціць квоты на імпарт сталі ў Еўрапейскі саюз і адначасова павысіць імпартныя пошліны з 25 да 50%. Пра гэта паведаміў еўракамісар па прамысловасці Стэфан Сежурнэ, піша Bloomberg.
Агульная квота па ўсіх катэгорыях сталі будзе скарачана да 18,35 млн т — у сярэднім на 43,7% ніжэй, чым у 2024 годзе. «Гэта вельмі жорсткая прапанова, якая не мае прэцэдэнту ў Еўропе», — сказаў еўракамісар.
Паводле яго слоў, толькі 10% сталі, што спажываецца ў ЕС, будуць імпартавацца з-за мяжы без сплаты пошлін у межах новых мер абароны. Сежурнэ падкрэсліў, што гэтыя меры накіраваныя на барацьбу з лішкам сталі на сусветным рынку і абарону інтарэсаў еўрапейскіх вытворцаў.
Еўракамісія адзначае, што новыя абмежаванні сталі адказам на істотны рост паставак з краін з залішнімі вытворчымі магутнасцямі, у прыватнасці з Кітая.
Акцыі еўрапейскіх вытворцаў сталі, такіх як ArcelorMittal SA і Voestalpine AG, падскочылі на фоне гэтых навін на мінулым тыдні, адзначыла агенцтва.