5 снежня 2025, Пятніца, 6:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як пры Вітаўце наша дзяржава стала самай вялікай у Еўропе

7
Як пры Вітаўце наша дзяржава стала самай вялікай у Еўропе
Карта Вялікага Княства Літоўскага

ВКЛ было ад мора да мора.

Прыблізна ў 1377 годзе памёр князь Альгерд, пасля яго смерці ў княстве пачалася вайна за ўладу паміж яго сынам Ягайлам і братам Альгерда, Кейстутам, піша сайт vklby.com.

Невзабаве Ягайла забівае Кейстута, змогшы заманіць яго разам з сынам Вітаўтам у Крэва нібыта для мірных перамоваў. Будучы вялікі князь Вітаўт таксама павінен быў быць забіты, але яму ўдалося ўцячы да крыжакоў.

Пасля ўцёкаў Вітаўт пры дапамозе крыжакоў пачаў вайну супраць Ягайлы. Са свайго боку Ягайла ў 1385 годзе заключае Крэўскую ўнію, паводле якой ён прымае каталіцкую веру, бярэ ў жонкі польскую каралеву Ядвігу, становіцца каралём польскім і абавязваецца далучыць Княства Літоўскае з усімі землямі да Польскай Кароны.

Перамога ў міжусобнай вайне за ўладу ў ВКЛ пачала схіляцца на бок Вітаўта. Аднак ён добра разумеў, што хоць на ягоным баку больш перамог і паноў, і тры чвэрці тэрыторыі пад ягоным кантролем, трэба мірыцца з Ягайлам, бо крыжакі не ўпусцяць шанцу скарыстацца вайной паміж імі і захопяць спачатку Літву, а потым возьмуцца за Польшчу.

Ягайла таксама разумеў усю складанасць сітуацыі і пагадзіўся на мір з Вітаўтам. Вайна закончылася Астроўскім пагадненнем у 1392 годзе, паводле якога Вітаўт прызнаецца Вялікім князем Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Адначасова з прызнаннем Вітаўта вялікім князем літоўскім да тэрыторыі ВКЛ далучаліся: Валынь, Луцк і Уладзімір-Валынскі.

Пасля завяршэння вайны з Ягайлам Вітаўт узяўся за ўмацаванне і пашырэнне тэрыторый ВКЛ; у вайне 1401–1404 гадоў ён здолеў далучыць Смаленскае княства.

Нягледзячы на відавочнае ўзмацненне і пашырэнне княства, пагроза яго існаванню працягвала ісці з поўначы, дзе знаходзіўся магутны вораг — Тэўтонскі ордэн. У вайне з ім Вітаўту і належала вызначыць, ці зможа ён застацца вялікім князем, а ВКЛ захаваць сваё існаванне.

Вайна з Ордэнам пачалася ў 1409 годзе з паўстання ў Жамойці, якая хоць і адышла да Ордэна, але ВКЛ працягвала лічыць яе сваёй тэрыторыяй. Вызначальнай падзеяй у гэтай вайне стала Грунвальдская бітва.

15 ліпеня 1410 года адбылася вялікая бітва паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і ВКЛ з Польшчай — з другога. Значнасць перамогі ў гэты дзень была велізарнай, бо абодва бакі сабралі вялікія сілы на полі бою.

Перамога была на баку Вітаўта і Ягайлы: яны здолелі перамагчы аднаго з самых магутных ворагаў ва ўсёй Еўропе. Гэтая бітва каштавала Тэўтонскаму ордэну страты магутнасці і з цягам часу — спынення яго існавання. ВКЛ і Польшча пасля перамогі сталі ў шэрагу першаразрадных дзяржаў той эпохі.

Перамогшы пад Грунвальдам, Вітаўт уратаваў Княства Літоўскае ад знішчэння, вярнуў сабе Жамойць, пазбавіўся магутнасці і пагрозы Тэўтонскага ордэна. Паводле дамовы з Ягайлам пасля гэтай перамогі Вітаўт атрымаў Падолле (украінскія землі ў верхоўях сярэдняй часткі Дняпра), а Літва і Польшча ў 1413 годзе заключылі Гарадзельскую ўнію аб саюзе.

Пасля перамогі над Тэўтонскім ордэнам Вітаўт не спыніўся і працягваў далейшае ўмацаванне і пашырэнне Вялікага Княства Літоўскага. Яму за час свайго кіравання ўдалося далучыць да ВКЛ абшырныя тэрыторыі: на ўсходзе — Арлоўскую, Калужскую, Курскую, Тульскую і Смаленскую землі, тым самым перасунуўшы мяжы з Маскоўскім княствам на ўсход ад Вязьмы, у раёне Мажайска. На поўдні — Ніжнюю Падолію, землі паміж ніжнім цячэннем Днястра і Дняпра.

Пры Вітаўце Вялікае Княства Літоўскае стала самым магутным і вялікім дзяржаўным утварэннем ва Усходняй Еўропе. Яго тэрыторыя цягнулася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Ні да, ні пасля смерці вялікага князя Вітаўта ВКЛ ніколі не валодала такой сілай і магутнасцю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках