Украінскія воіны пад агнём вывелі бабулю ў зону эвакуацыі
2- 7.10.2025, 22:28
- 3,220
Відэа.
Вайскоўцы адной з рот 3-га механізаванага батальёна Асобнай прэзідэнцкай брыгады імя Багдана Хмяльніцкага пешшу вывелі з вёскі Навагрыгор'еўка, якая апынулася на лініі баявога сутыкнення, пажылую жанчыну і яе ўнука ў зону эвакуацыі.
Пра гэта вайсковыя падраздзяленні паведамілі NV.
Паводле слоў камандзіра батальёна Алега з пазыўным Алігатар, арганізаваць эвакуацыю грамадзянскіх з прыцягненнем транспарту было немагчыма з-за надзвычайна высокай актыўнасці расійскіх беспілотнікаў.
Ён адзначыў, што для варожых БПЛА аўтамабільная тэхніка з'яўляецца прыярытэтнай мэтаю, таму ў такой сітуацыі камандаванне прыняло рашэнне праводзіць эвакуацыю грамадзянскіх пешшу і ўдзень.
«У нашым раёне баявых дзеянняў уначы ўжо амаль ніхто не перамяшчаецца. Удзень хоць як-небудзь можна зліцца з мясцовасцю. Уначы — ты як на далоні дзякуючы цеплавізарам», — распавядае Алігатар.
Аперацыю ўзначаліў камандзір роты, якая адказвае за абарону вёскі. Аператары БПЛА з дапамогай дронаў паказвалі эвакуацыйнай групе шлях выхаду.
Паводле слоў вайскоўцаў, эвакуацыя цягнулася паўтары гадзіны і прайшла паспяхова. Цяпер грамадзянскія знаходзяцца ў бяспечным месцы. Ні адзін з вайскоўцаў не атрымаў раненняў.