Выйшла кніга пра фальклор беларускіх старавераў
- 8.10.2025, 19:55
- 1,992
У кнізе — 45 аўтэнтычных песень.
Выйшла кніга Вольгі Барышнікавай «І даўней так пелі: музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі». Яна прысвечана музычнаму фальклору старавераў Падзвіння, паведамляе тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».
У кнізе — 45 аўтэнтычных песень (іх можна паслухаць у аўтэнтычным выкананні), расшыфроўкі, этнамузыказнаўчыя каментары на беларускай, рускай і англійскай мовах. А таксама рэдкія запісы размоваў і здымкі, сабраныя або зробленыя падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый.
Найранейшыя аўдыёзапісы — з 1963 года, а найстарэйшая спявачка, голас якой можна пачуць у выданні, — 1890-х гадоў нараджэння. Кніга складаецца з трох раздзелаў: «Валачобныя песні», «Крутухі, хараводы, пахадушкі», «Лірычныя песні».
Аўтарка кнігі — этнамузыколаг, выкладчыца традыцыйнага спеву Вольга Барышнікава, ураджэнка вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёна.
