5 снежня 2025, Пятніца, 9:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расія пачала прадаваць нафту з рэкорднымі за апошнія гады зніжкамі

Расія пачала прадаваць нафту з рэкорднымі за апошнія гады зніжкамі

З-за санкцый супраць «Раснафты» і «Лукойла».

Зніжкі на расійскую нафту рэзка выраслі на фоне санкцый ЗША супраць дзвюх найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі — «Раснафты» і «Лукойла». Дысконт на Urals адносна эталоннай маркі Brent у партах Прыморска і Наварасійска станам на 10 лістапада складаў $19,4 за барэль, паведаміў «Коммерсанту» крыніца ў галіне. Пры гэтым на пачатку лістапада памер зніжак быў на ўзроўні $13–14 за барэль, а да ўвядзення амерыканскіх санкцый у кастрычніку — $11–12.

Максімальных значэнняў дысконт Urals да Brent дасягаў у другім квартале 2022 года — $31,9 за барэль і ў першым квартале 2023 года — $30, падлічыў на аснове дадзеных Argus і АПЕК эксперт па энергетыцы Кірыл Радзіёнаў. Ён нагадаў, што ў першым выпадку рынак знаходзіўся пад уздзеяннем геапалітычнага шоку пасля ўварвання расійскай арміі ва Украіну, а ў другім — паўплывала эмбарга ЕС на марскія пастаўкі сыравіны з Расіі. Аднак у згаданыя перыяды нафта была прыкметна даражэйшая, чым цяпер. Так, у другім квартале 2022 года Brent каштавала $104,6–122,7 за барэль, а ў першым квартале 2023-га — $78–83, прыводзіць Kept дадзеныя Упраўлення энергетычнай інфармацыі ЗША (EIA). На пачатку лістапада гэтага года EIA ацэньвала кошт Brent на спотавым рынку ў $65,8 за тону.

Апошні раз зніжкі ў парце Прыморска дасягалі адзнакі вышэй за $15 за барэль на пачатку гэтага года, калі ЗША ўвялі санкцыі супраць «Газпрам нафты», «Сургутнафтагаза» і больш як 180 нафтавых танкераў. Перабудова схем продажаў праз не падсанкцыйных трэйдараў раней займала каля двух месяцаў, а ў цяперашняй сітуацыі асноўны пераход завершыцца да пачатку 2026 года, прагназуе эксперт Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе РФ Ігар Юшкаў. Кіраўнік цэнтра па расійскіх акцыях БКС Кірыл Бахцін таксама лічыць, што, як і ў 2022 і 2023 гадах, зніжкі часова пашырацца, але праз пару месяцаў вернуцца да ўзроўняў пачатку верасня.

Аднак кампаніі з Індыі і КНР — асноўныя пакупнікі расійскай нафты — з усё большай асцярожнасцю падыходзяць да закупу расійскай нафты. Паводле звестак крыніц Bloomberg, пяць буйных індыйскіх НПЗ не размясцілі заказы на расійскую нафту на снежань. Пры гэтым на гэтыя прадпрыемствы прыходзіцца дзве траціны экспарту нафты з Расіі ў Індыю. Не спяшаюцца кампаніі купляць расійскую сыравіну і на спотавым рынку, нягледзячы на павялічаныя зніжкі, адзначае Bloomberg. У сваю чаргу ў Кітаі ад закупак расійскай нафты адмовіліся буйныя дзяржаўныя кампаніі — Sinopec і PetroChina Co.

Аналітыкі кампаніі «Эйлер» чакаюць, што на час змены лагістыкі магчымыя кароткатэрміновыя збоі ў экспарце нафты з Расіі. Паводле даных трэйдараў, якіх апытаў Reuters, пакуль марскія пастаўкі расійскай нафты стабільныя і могуць заставацца такімі прынамсі да 21 лістапада, калі скончыцца тэрмін дазволу ЗША на здзелкі з «Раснафтай» і «Лукойлам».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках