Цэны на аўтамабілі ў Расіі ўзляцелі да гістарычнага рэкорду
5- 13.11.2025, 11:44
- 5,876
Усё з-за ўтылзбору.
Сярэднеўзважаная цана новага легкавага аўтамабіля ў Расіі па выніках кастрычніка дасягнула 3,43 млн руб. Гэта рэкорд за ўсю гісторыю назіранняў за рынкам, паведамляе «Аўтастат».
Паводле даных агенцтва, вышэй за 3 млн руб. паказчык трымаецца апошнія 15 месяцаў, а з 2021 года ён вырас на 60%. За апошні месяц новыя аўтамабілі падаражэлі на 2,2%, тады як за год — на 8%. У сваю чаргу сярэднеўзважаная цана легкавага аўтамабіля з прабегам таксама дасягнула рэкорднага значэння — 1,23 млн руб. Пры гэтым вышэй за 1 млн паказчык трымаецца больш за два гады. У параўнанні з вераснем машыны падаражэлі на 2,5%, а за год — на 3%, прыводзіць статыстыку сайт The Moscow Times.
Рост цэн адбыўся на фоне рашэння ўладаў павысіць з 1 снежня 2025 года ўтылізацыйны збор, кажа кіраўнік «Аўтастата» Сяргей Целікаў. «У ўсе трубы трубілі, што ўтылзбор запусцяць, і цэны ўзляцяць. Асноўная фармулёўка, якая склалася ў людзей у галаве: купляй цяпер — заўтра ўсё будзе даражэй», — патлумачыў ён. Дыстрыб'ютары і дылеры скарысталіся ўзніклым ажыятажам і паднялі цэны, адзначыў дырэктар групы па абслугоўванні кампаній аўтапрамысловасці ДРТ Аляксандр Васільеў. Аднак гэта не адбілася на аб'ёмах продажаў. Паводле «Аўтастата», у кастрычніку было прададзена 165,7 тыс. новых легкавых машын, што на 35% больш, чым у верасні. Месячны вынік стаў рэкордным з лістапада 2024 года.
Пры гэтым удзельнікі рынку прагназуюць далейшае падаражанне машын. «Цэны на аўтамабілі да канца года яшчэ вырастуць, гэта дакладна. Але павелічэнне канчатковага кошту аўтамабіля будзе не рэзкім, у межах 3–4%», — кажа дырэктар дэпартамента продажу новых аўтамабіляў кампаніі «Рольф» Мікалай Іваноў.
Калі на кошце новых аўтамабіляў адбілася анансаванае павышэнне ўтылзбору, то патрыманыя машыны падаражэлі з-за скарачэння прапановы раней папулярных заходніх, японскіх і карэйскіх марак, — кажа незалежны эксперт транспартнай галіны Аляксей Тузаў. Паводле яго слоў, на рынку паступова фарміруецца дэфіцыт якасных машын з прабегам, што ў далейшым будзе стымуляваць іх планамернае падаражанне.
Урад увёў утылзбор для аўтамабіляў летась. Гэта аднаразовы плацеж, які спаганяецца з імпарцёраў, вытворцаў і пакупнікоў машын за перапрацоўку транспартнага сродку. З 1 снежня ўтылзбор прывяжуць да магутнасці рухавіка па прагрэсіўнай шкале. Льготная стаўка будзе дзейнічаць толькі для машын з рухавіком магутнасцю да 160 конскіх сіл. Пры гэтым з 2026 года індэксацыя будзе праводзіцца штогод на 10–20%.